Яго прадставілі: адвакатка Алена Шынкарэвіч («Прававая ініцыятыва»), сацыёляг Генадзь Коршунаў («Цэнтар новых ідэй»), праваабаронцы Натальля Хамутоўская («Вясна») і Вікторыя Фёдарава («Прававая ініцыятыва»).
«Мы разумелі справядлівасьць як адпаведнасьць таму, што мусіць быць», — адзначыў Генадзь Коршунаў.
Паводле яго слоў, разглядаліся тры задачы:
- Вызначыць пералік вінаватых у несправядлівасьці (рэпрэсіях).
- Зразумець, што беларусы лічаць справядлівасьцю ў гэтым кантэксьце.
- Выявіць праблемы, зь якімі сутыкаюцца ахвяры, і магчымыя шляхі іх вырашэньня.
Вінаватыя ўспрымаліся як амбівалентна (гэта былі дзяржаўныя інстытуты рэжыму і іншыя ўстановы), так і пэрсаналізавана (галоўным вінаватым, напрыклад, прызнаваўся Аляксандар Лукашэнка).
Генадзь Коршунаў расказаў, што для яго стала нечаканаю важнасьць судовай сыстэмы для пацярпелых беларусаў: суды займаюць трэцяе месца ў «герархіі вінаватых». Гэта паказвае, што прэтэнзіі да судовай сыстэмы, якая павінна быць гарантам вяршэнства права, значна больш важныя, чым да іншых структур.
«Людзі ставілі на мэце дасягненьне справядлівасьці — пакараньне канкрэтных асобаў, вінаватых у гвалце. Аднак, на іх думку, усё павінна адбывацца згодна з законам, агульнага абвінавачаньня быць ня можа. Ступень віны кожнага павінна вызначацца судом у строга ўстаноўленым парадку,» — расказаў Генадзь Коршунаў.
Ён адзначыў, што рэспандэнты лічылі неабходным правесьці люстрацыю, вынікам якой як мінімум павінна стаць забарона займаць пэўныя пасады і займацца пэўнымі відамі дзейнасьці. Суд, на іх думку, павінен быць альбо міжнародны, альбо беларускі (пры зьмене ўлады).
«Што тычыцца дзеяньняў у дачыненьні да людзей, якія зазналі катаваньні, — гэта было складанае пытаньне... Пацярпелым сорамна адвакатаваць свае патрэбы. Асноўны іх адказ быў: „Трэба, каб рэжым агулам быў зьменены“», — заявіў Генадзь Коршунаў.
Аднак у гэтым пытаньні ў рэспандэнтаў «аптымізму ня вельмі шмат», — адзначае сацыёляг.
«Асабліва калі гаворка пра тое, што можна зрабіць у Беларусі. Але калі мы глядзім шырэй за межы Беларусі (на міжнародныя інстытуты), то больш за траціну выказвае надзею. Гэта, у сваю чаргу, дае надзею нам... Што цікава, нават пры нізкай надзеі жаданьне дзейнічаць не зьнікае. Упартасьць мацнейшая за надзею. Жаданьне аднавіць справядлівасьць, нават без надзеі, узмацняецца», — падкрэсьліў Генадзь Коршунаў.
Сярод перашкод у дасягненьні справядлівасьці сярод беларусаў, як унутры краіны, так і па-за яе межамі, адзначаюцца высокі парог чаканьняў (галоўнае — не дапамога пацярпелым, а зьмена рэжыму) і страх за бясьпеку родных, якія сёньня ўспрымаюцца як закладнікі.
«Галоўнае — суб’ект, адносна якога павінна быць устаноўлена справядлівасьць. На іх думку, гэта цалкам краіна Беларусь. Людзі разважаюць на гістарычным узроўні. Гэта калі мы гаворым больш глыбока. Вінаваты — рэжым».
У глыбінных інтэрвію шмат хто з пацярпелых адзначаў, што змог бы справіцца самастойна. У колькасных апытаньнях больш увагі аддавалася нематэрыяльнай дапамозе.
«Давайце прызнаемся сабе, што нават мы, праваабаронцы, ня вельмі верым, што ў бліжэйшыя 10 гадоў вінаватыя панясуць адказнасьць. Вера людзей, мне здаецца, яшчэ меншая — яны ведаюць значна менш прыкладаў, калі гэта адбывалася. Нельга выпускаць з-пад увагі, што ў 2022-м пачалася вайна, і ўвесь сьвет ня змог з гэтым нічога зрабіць. На гэтым фоне вельмі складана ўявіць, што можна зрабіць з рэжымам Лукашэнкі. На мой погляд, гэта якраз апраўдвае тое, што многія людзі думаюць: нейкія перамены змогуць адбыцца толькі тады, калі сьвет перастане „вар’яцець“. І вось гэтага самага моманту, магчыма, людзі і чакаюць...» — заявіла Натальля Хамутоўская.
Пры гэтым, як адзначыла Вікторыя Фёдарава, пацярпелыя падкрэсьлілі, як важна, каб праваабаронцы дакумэнтавалі катаваньні, — нават калі сёньня, на першы погляд, ня бачна вынікаў гэтае працы ў выглядзе прыцягненьня кагосьці да адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава, выбары і прэзыдэнт Польшчы. Вынікі тыдня з КарбалевічамДасьледаваньне складалася зь дзьвюх частак:
• якаснае дасьледаваньне — тычылася пэрыяду з 2020 па 2024 год і праводзілася ў траўні 2024 году ў фармаце глыбінных інтэрвію з дванаццацьцю рэспандэнтамі, якіх шукалі выпадковым чынам па базах беларускіх праваабаронцаў;
• колькаснае дасьледаваньне — праводзілася мэтадамі CAVI і CATI (онлайн ці праз тэлефон) з чэрвеня па ліпень 2024 году. У ім узялі ўдзел 580 чалавек з базаў праваабаронцаў.