Шольц і Пуцін паразмаўлялі праз тэлефон упершыню з 2022 году

Перамовы Ўладзіміра Пуціна і Оляфа Шольца, Масква, 15 лютага 2022

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц сёньня паразмаўляў праз тэлефон з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Пра гэта паведамляе DW.

Гэта першы кантакт паміж палітыкамі са сьнежня 2022 году. Паводле дадзеных агенцтва dpa, гутарка Шольца і Пуціна доўжылася прыкладна гадзіну. Інфармацыі пра яе зьмест пакуль не паступала.

Пра тое, што Пуцін і Шольц зьбіраюцца 15 лістапада правесьці тэлефонную гутарку, першым паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцу. У сваю чаргу прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў паведаміў журналістам, што ў Пуціна заплянаваная міжнародная тэлефонная размова, але не ўдакладніў, з кім менавіта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Датэрміновыя выбары ў нямецкі Бундэстаг пройдуць 23 лютага

10 лістапада Шольц заявіў у інтэрвію тэлеканалу ARD, што гатовы весьці перамовы наконт вайны ва Ўкраіне з Пуціным, але не ў індывідуальным парадку, а з удзелам Украіны і іншых бакоў. «Так, я зьбіраюся пагаварыць з расейскім прэзыдэнтам, калі для гэтага прыйдзе зручны час, — заявіў ён. — Але я адказны палітык, я ня буду рабіць гэтага ў адзіночку».

Пасьля сёньняшняй размовы Шольца і Пуціна ў нямецкім урадзе паведамілі, што канцлер у размове асудзіў «агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны і заклікаў прэзыдэнта Пуціна пакласьці канец вайне і вывесьці войскі».

Шольц заклікаў Расею да перамоваў з Украінай з мэтай справядлівага і трывалага міру і падкрэсьліў непахісную рашучасьць Нямеччыны падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе супраць расейскай агрэсіі столькі, колькі неабходна, - гаворыцца ў паведамленьні нямецкага ўраду. У тэксьце таксама зазначаецца, што перад размовай з Пуціным у Шольца была размова па тэлефоне з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

У камэнтары для Радыё Свабода ва ўрадзе Нямеччыны прывялі шэраг падрабязнасьцяў. Было адзначана, што канцлер у размове з Пуціным падкрэсьліў, што вайна «на працягу ўжо амаль 1000 дзён прыносіць ва Ўкраіну сьмерць, пакуты і разбурэньні». Шольц асудзіў, у тым ліку, расейскія паветраныя атакі на цывільную інфраструктуру ва Ўкраіне. Шольц таксама даў зразумець, што адпраўка салдатаў з Паўночнай Карэі ў Расею для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях супраць Украіны «зьвязаная з эскаляцыяй і разрастаньнем канфлікту». Гаворачы аб гатоўнасьці працягваць падтрымку Ўкраіны, Шольц падкрэсьліў, што нямецкая дапамога накіраваная на доўгатэрміновы пэрыяд, і расейскі прэзыдэнт ня можа разьлічваць на тое, што час гуляе яму на руку. Пасьля перамоваў з Пуціным Шольц плянаваў ізноў паразмаўляць з Зяленскім, адзначылі ў камэнтары для Радыё Свабода.

У прэсавай службе Крамля адзначылі, што размова адбылася па ініцыятыве нямецкага боку, і што прэзыдэнт Расеі і канцлер Нямеччыны правялі «шчыры абмен думкамі» па Ўкраіне. «Уладзімір Пуцін нагадаў, што цяперашні крызіс стаў прамым вынікам шматгадовай агрэсіўнай палітыкі NATO, накіраванай на стварэньне на ўкраінскай тэрыторыі антырасейскага пляцдарму пры ігнараваньні інтарэсаў нашай краіны ў сфэры бясьпекі і грэбаваньні правамі расейскамоўных жыхароў», - паведамілі ў Крамлі.