Пра гэта гаворыцца ў заяве Эўракамісіі (ЭК), піша «Голас Амэрыкі».
«Эўрапейская камісія аштрафавала кампанію Meta за парушэньне антыманапольных правілаў ЭЗ, якое выявілася ў прывязцы яе онлайн-сэрвісу аб’яваў Facebook Marketplace да сацыяльнай сеткі Facebook і накіданьні несправядлівых гандлёвых умоваў іншым пастаўшчыкам онлайн-сэрвісаў аб’яваў», — паведаміла ЭК.
Meta заявіла, што абскарджвае рашэньне, але будзе выконваць яго і працаваць над вырашэньнем узьнятых пытаньняў.
Рашэньне Эўракамісіі было прынятае праз два гады пасьля таго, як яна абвінаваціла амэрыканскага тэхналягічнага гіганта у прадастаўленьні Facebook Marketplace несправядлівых перавагаў пасьля аб’яднаньня двух сэрвісаў.
У чэрвені 2021 году ЭЗ пачаў афіцыйны разгляд магчымых антыканкурэнтных паводзінаў Facebook, а ў сьнежні 2022 году выказаў занепакоенасьць у сувязі з тым, што Meta зьвязвае сваю дамінуючую сацыяльную сетку Facebook са сваім сэрвісам аб’яваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанію Meta, якая валодае сацсеткамі Facebook і Instagram, аштрафавалі на 390 мільёнаў эўраFacebook запусьціла Marketplace у 2016 годзе і годам пазьней распаўсюдзіла яго на некалькі эўрапейскіх краін.
У рашэньні ЭЗ гаворыцца, што Meta накідае Facebook Marketplace карыстальнікам сацыяльнай сеткі. У сваю чаргу Meta заявіла, што гэты аргумэнт ігнаруе той факт, што карыстальнікі Facebook могуць выбіраць, удзельнічаць у Marketplace ці не, і многія зь іх у Facebook Marketplace ня ўдзельнічаюць.
На думку Meta, Эўракамісія сьцьвярджае, што Facebook Marketplace можа перашкодзіць росту буйных дзейных онлайн-пляцовак у ЭЗ, але не змагла прывесьці ніякіх доказаў нанясеньня шкоды канкурэнтам.
За парушэньне антыманапольнага заканадаўства ЭЗ кампаніям пагражаюць штрафы ў памеры да 10% ад іх сусьветнага абароту.