Палітвязень Гундар піша за кратамі вершы, але баіцца іх пасылаць у лістах на волю

Уладзімер Гундар, архіўнае фота

Уладзімер Гундар асьцерагаеца, што ягоныя лісты зь вершамі ня будуць даходзіць на волю. Ён працягвае пісаць у турме вершы, хоць ня ведае, ці захаваюцца яны там.

У камэру да Гундара зьмясьцілі іншага вязьня

Актывіста і краязнаўцу з Баранавічаў Уладзімера Гундара асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з замахам на захоп улады і абразу прадстаўніка ўлады.

Уладзімера Гундара, які ня мае адной нагі, утрымліваюць за кратамі са сьнежня 2020 году. За гэты час ён пабываў у некалькіх вязьніцах, апошні год знаходзіцца ў крытай турме № 4 у Магілёве.

Там, паводле абазнанай крыніцы, нейкі час Уладзімер Гундар знаходзіўся ў камэры адзін, цяпер у яго зьявіўся сукамэрнік.

«Ведаем, што адзінота закончылася, а як цяпер, ці ўжыліся ў адной камэры з новым сядзельцам, нічога ня кажа. Але настрой у яго нармальны, бадзёры», — падзялілася крыніца.

Да пераводу ў магілёўскую вязьніцу ўвосень 2023 году Ўладзімер Гундар пісаў і слаў на волю вершы. За першыя два з паловай гады няволі ад яго атрымалі каля 100 твораў.

У 2023 годзе за верш «У сьвеце, якім бы ён ні быў...» паэт быў уганараваны прэміяй імя Францішка Аляхновіча, якой адзначаюць лепшыя творы, напісаныя ў турме або пра турму.

Больш як год вершы ад Уладзімера Гундара на волю не даходзяць. Аб прычыны ён сказаў, што перастаў зьмяшчаць вершы ў лістах, бо заўважыў, што такія лісты не трапляюць да адрасатаў, а яму вельмі важнае ліставаньне.

«Але думаем, ён працягвае пісаць іх. Невядома, ці захаваюцца, але не пісаць ён ня можа. Толькі складае іх недзе ў сваіх сшытках або запамінае», — мяркуе абазнаная крыніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН і Радыё Свабода назвалі пераможцаў і ляўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру

У турме ў Гундара няма кніг па-беларуску

Паводле крыніцы, вольны час Уладзімер Гундар таксама займае чытаньнем кніг, у тым ліку Бібліі.

«Усё чытаньне цяпер на расейскай мове. Яму сказалі, што кніг па-беларуску нібыта няма ў турэмнай бібліятэцы, а перадаць яму з волі нічога не дазваляюць, у тым ліку Біблію па-беларуску. Таму чытае шмат расейскай клясыкі. У лістах піша аб прыродзе, аб восені і надвор’і, дзеліцца пачуцьцямі ад прачытаньня. Але не закранае ўспаміны аб мірным жыцьці. Шмат піша і пытаецца пра ўнукаў. І — роздум пра Бога і жыцьцё вечнае», — расказала дасьведчаная крыніца.

Вядома, што Ўладзімер Гундар на будучы год падпісаўся на часопіс «Маладосць» і газэту «Літаратура і мастацтва». А сёлета бягучую інфармацыю атрымліваў з газэты «СБ. Беларусь сегодня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Гундар за кратамі напісаў 100 вершаў, але апошнім часам іх не прапускаюць на волю