Пячэрскі раённы суд Кіева ўхваліў рашэньне аб зьмяшчэньні дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Яўгена Шаўчэнкі пад варту на два месяцы (да 11 студзеня).
Згодна з заканадаўствам Украіны меру стрыманьня пры неабходнасьці могуць прадоўжыць або зьмяніць на не зьвязаную з пазбаўленьнем волі. Яўген Шаўчэнка можа абскардзіць гэтае рашэньне.
14 лістапада дэпутату абвясьцілі падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе. Сярод іншага сьледзтва зьвярнула ўвагу на ягоныя кантакты з прадстаўнікамі амбасады Беларусі пасьля таго, як ён у верасьні 2020 году зь беларускім дзяржаўным сьцягам выйшаў на трыбуну парлямэнту Ўкраіны.
У рамках дасудовага расьсьледаваньня таксама атрымалі зьвесткі пра тое, што цягам 2020–2023 гадоў народны дэпутат неаднаразова наведваў Беларусь, дзе меў зносіны з кіраўніцтвам гэтай краіны і наладжваў «схемы» закупу электраэнэргіі і аміячных угнаеньняў па льготнай цане для падкантрольных яму кампаніяў.
Апроч таго, паводле сьледзтва, Яўген Шаўчэнка распаўсюджваў інфармацыю, накіраваную на дыскрэдытацыю заходніх партнэраў і эўрапейскіх каштоўнасьцяў, а таксама ажыцьцяўляў «антыўкраінскую інфармацыйную дзейнасьць».
У траўні 2021 году Яўгена Шаўчэнку выключылі з складу праўладнай фракцыі «Слуга народу» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Гэта адбылося пасьля таго, як ён у красавіку таго ж году сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У фракцыі тады заявілі, што Шаўчэнку не дэлегавалі для правядзеньня якіх-кольвек перамоваў у Беларусі.
Хто такі Яўген Шаўчэнка
Яўген Шаўчэнка першым падтрымаў Аляксандра Лукашэнку на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году і павіншаваў яго зь перамогай на наступны дзень, 10 жніўня. У сваім віншаваньні ён падзякаваў Лукашэнку за «душэўнае стаўленьне» да Ўкраіны.
Яшчэ праз 10 дзён пасьля выбараў, калі ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў, а супраць іхных удзельнікаў пачалі выкарыстоўваць сілу і спэцыяльныя сродкі, заклікаў беларусаў прабачыць «бацьку» ягоныя грахі і злачынствы.
У лютым 2021-га Яўген Шаўчэнка браў удзел ва «Ўсебеларускім народным сходзе», а 20 красавіка прыехаў у Менск на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.
23 траўня 2021 году, калі стала вядома пра пасадку самалёта Ryanair у Менску, Яўген Шаўчэнка напісаў у сваім тэлеграм-канале: «У Менску затрымалі стваральнікаў NEXTA. Вось гэта дзяржаўнасьць!». Гэта адбылося за дзень да выключэньня Яўгена Шаўчэнкі з праўладнай фракцыі «Слуга народу».
Менавіта з падачы Яўгена Шаўчэнкі Юры Васкрасенскі, былы сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, 7 кастрычніка 2021 году ў Кіеве сустрэўся з кіраўніком фракцыі «Слуга народу» Давідам Арахамія. Пры другой спробе ўехаць ва Ўкраіну ў канцы кастрычніка Юрыю Васкрасенскаму забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю. Ён тады заявіў, што яго нібыта запрасілі ў Кіеў на перамовы аб пастаўках беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну.
У траўні 2023 году кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў, што Кіеў камунікаваў з афіцыйным Менскам пры дапамозе менавіта Яўгена Шаўчэнкі.
Пазьней Яўген Шаўчэнка пацьвердзіў, што разам з Буданавым арганізаваў размову паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у першыя дні вайны, дзякуючы чаму адбыліся перамовы ўкраінскай і расейскай дэлегацый.