Маючы «значны досьвед» у выкарыстаньні выведных бесьпілётнікаў, Узброеныя сілы Беларусі «пасьпяхова вырашылі праблему з ударнымі БПЛА», заявіў начальнік упраўленьня выкарыстаньня і разьвіцьця бесьпілётных авіяцыйных комплексаў УС Міхаіл Бранскі.
Паводле Бранскага, словы якога прыводзіць прэс-служба Мінабароны, Узброеныя сілы сёлета працавалі з прадпрыемствамі Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці, і значная колькасьць узораў, якія распрацоўваюцца на даручэньне войска беларускімі прадпрыемствамі, «ужо прынятая на ўзбраеньне».
Прадстаўнік УС паведаміў, што завяршаецца распрацоўваньне новага бесьпілётніка «Квадра-М», мадэрнізаванага для скіданьня боепрыпасаў. Яго плянуюць прыняць на ўзбраеньне налета.
На ўзбраеньне прынятыя бесьпілётны авіяцыйны комплекс «Беркут-3», аналяг расейскага «Суперкама», які, як падкрэсьліў начальнік упраўленьня, «добра выкарыстоўваецца ў СВА» (так беларускія вайсковыя чыноўнікі, паўтараючы за расейцамі, называюць вайну Расеі супраць Украіны. — Заўв. Свабоды), але ў беларускім аналягу «маюцца рашэньні, якія паляпшаюць характарыстыкі ў пэўнай ступені».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Хойніцкага раёну адмовіліся ўводзіць дадатковыя захады бясьпекі супраць дронаўСёлета на ўзбраеньне прынялі «першы ўдарны бесьпілётны комплекс айчыннай вытворчасьці — БПЛА-камікадзэ „Чакан-В“, дадаў ён.
Паводле яго, зараз таксама завяршаецца выпрабаваньне бесьпілётнага авіяцыйнага комплексу „Міратворац“ з далёкасьцю больш за 100 кілямэтраў і баявой часткай 10 кіляграмаў, які распрацавала прадпрыемства „Бесьпілётныя верталёты“.
Па выніках праведзеных выпрабаваньняў у 2025 годзе УС будуць мець „шырокую лінейку ўдарных бесьпілётнікаў“: „Чакан-В“ далёкасьцю да 30 км, „Міратворац“ і іншыя распрацоўкі.
24 верасьня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з вайскоўцамі на Обуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне заявіў пра неабходнасьць рыхтавацца да вайны. Бесьпілётную авіяцыю пры гэтым ён назваў „сур’ёзнай навінкай“.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны пракамэнтавалі падобны да выбуху гук над Менскам і навакольлем