Па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманьні сваякоў палітвязьняў

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У сярэдзіне лістапада сілавікі правялі сэрыю затрыманьняў. Затрымлівалі ў тым ліку сваякоў людзей, якія апынуліся за кратамі з палітычных матываў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 14 лістапада супрацоўнікі КДБ зладзілі чарговы рэйд па ўсёй краіне.

Пад затрыманьні трапілі таксама і сваякі палітвязьняў. Па інфармацыі dissidentBY, арышты і вобшукі прайшлі ў многіх людзей на прадмет атрыманьня дапамогі.

«Краіна для жыцьця» паведаміла, што затрыманьні прайшлі таксама ў Горадзенскай вобласьці, Баранавічах і Менску.

Паводле інфармацыі «Нашай нівы», частка затрыманьняў зьвязаная з тым, што 29 кастрычніка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» кааліцыю дваровых чатаў. Падобна, што ў той жа час ГУБАЗіК «адпрацаваў» некалькі прадпрыемстваў у рэгіёнах, дзейнічаў паралельна. ГУБАЗіК пераважна прыходзіў да людзей, якія траплялі пад увагу сілавікоў раней.

Новая хваля палітычных затрыманьняў пайшла па Беларусі яшчэ ў канцы кастрычніка, відавочна, у сувязі з пачаткам выбарчай кампаніі.

Кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак напісаў, што ў іх каманды сёньня шмат працы:

«Уся служба эвакуацыі BySol працуе поўным складам у сувязі зь сёньняшняй аблавай. Заявак шмат. Выводзім людзей з-пад удару».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 лістапада: завочную справу блогера Матолькі перадалі ў суд, затрыманьні на Гарадзеншчыне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 1,2 тысячы адміністрацыйна асуджаных: перад выбарамі ў Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі, — праваабаронцы