Больш за 45 тысяч беларусаў падалі заяву на ДНЖ у Польшчы за 9 месяцаў 2024 году

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту беларусаў у Варшаве, 2021 год

Беларусы занялі другое месца па колькасьці пададзеных заяваў на атрыманьне дазволу на жыхарства (ДНЖ) з пачатку 2024 году, паведамілі ва Ўпраўленьні па справах замежнікаў Польшчы.

За 9 месяцаў 2024 году ведамства зарэгістравала каля 45 тысяч заяваў на атрыманьне дазволу на жыхарства ад грамадзян Беларусі.

На першым месцы ўкраінцы — яны сёлета за 9 месяцаў падалі 268 тысяч заяваў на атрыманьне ДНЖ. Сьледам за беларусамі па колькасьці пададзеных заяваў ідуць грамадзяне Грузіі — 15 тысяч, на чацьвёртым месцы грамадзяне Індыі — 13 тысяч заяваў, на пятым — грамадзяне Калюмбіі (11 тысяч заяваў).

Больш за ўсё ДНЖ за 9 месяцаў гэтага году выдалі грамадзянам Украіны — 293 тысячы станоўчых рашэньняў. На другім месцы беларусы — 32,9 тысячы, за імі грамадзяне Грузіі (7,8 тысячы), Індыі (6,2 тысячы) і Турэччыны (4,2 тысячы выдадзеных ДНЖ).

Паводле Ўпраўленьня па справах замежнікаў Польшчы, агулам ведамства атрымала ад замежнікаў 450 тысяч заяваў на атрыманьне ДНЖ, па 20,1 тысячы зь іх вынесьлі адмоўныя рашэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета з Польшчы ў Беларусь дэпартавалі 9 чалавек, якім адмовілі ў міжнароднай абароне

Няўрадавы Цэнтар беларускай салідарнасьці са спасылкай на зьвесткі польскіх чыноўнікаў паведамляў, што на 31 сьнежня 2023 году ў Польшчы пражывалі 118 562 грамадзяніны Беларусі з дакумэнтамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх у краіне. Сярод іх:

  • часовы дазвол на жыхарства мелі 69 399 чалавек,
  • сталы ДНЖ — 39 553,
  • дадатковую абарону — 6555,
  • дазвол на знаходжаньне доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ — 1160,
  • статус уцекача — 578,
  • часовую абарону — 436,
  • іншыя падставы — 436.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 9 месяцаў 2024-га міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі 2000 беларусаў, 100 беларусам адмовілі

У студзені–верасьні 2024 году каля 2,1 тысячы грамадзян Беларусі атрымалі ў Польшчы міжнародную абарону. Агулам за 9 месяцаў ва Ўпраўленьне зьвярнуліся па міжнародную абарону 2,9 тысячы беларусаў, адмоўныя рашэньні атрымалі каля 100 чалавек.