Базавая інфляцыя ў Беларусі ў кастрычніку склала 5,3%, гаворыцца ў аглядзе Нацбанку. Базавая інфляцыя ня ўлічвае сэзонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта зьмяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай пэрспэктыве або рэгулююцца дзяржавай).
Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў кастрычніку вырасьлі на 5,9% (у верасьні — на 6,6%, у жніўні — 7,4%).
Паводле зьвестак Белстату, спажывецкія цэны ў кастрычніку 2024 году вырасьлі на 0,5%, з пачатку 2024 году — на 4,3%, за 12 месяцаў (з кастрычніка 2023 году) — на 5,9%.
Згодна з прагнозамі беларускіх уладаў, інфляцыя ў Беларусі ў 2024 годзе не павінна перавысіць 6%. Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн у Беларусі па выніках 2024 году складзе 6%, Эўразійскі банк разьвіцьця — 8%, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця — 5,8%.
На думку дасьледчага цэнтру BEROC, пры захаваньні татальнага цэнавага кантролю спажывецкія цэны ў Беларусі вырастуць на 5–7% па выніках 2024 году. Назапашаны інфляцыйны навес будзе паступова прасочвацца ў фактычныя цэны, і ў 2025 годзе інфляцыя можа паскорыцца да 6–9%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год бульба ў Беларусі падаражэла на 62%. Наколькі вырасьлі ў цане іншыя прадукты харчаваньня