Госьць «ПіКа Свабоды» — блогер Аляксандар Лапшын, якога восем гадоў таму Беларусь выдала афіцыйнаму Баку і які дамогся, каб ААН прызнала гэта незаконным.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Аляксандар, вы толькі вярнуліся зь Японіі, дзе разам з былым зьняволеным беларускай турмы японцам Даічы Ёшыда чыталі лекцыі пра тое, што адбываецца за кратамі ў Беларусі. Як узьнікла сама ідэя? Якая была рэакцыя аўдыторыі?
— З таго часу як мяне экстрадавалі зь Беларусі ў Азэрбайджан за журналісцкую паездку ў Нагорны Карабах, я займаюся праваабарончай працай. Да гэтага я быў трэвэл-журналістам, трэвэл-блогерам. А апошнія восем гадоў я займаюся правамі чалавека. Гэта не зьвязана наўпрост зь Беларусьсю. Гэта больш зьвязана з правамі чалавека ў цэлым, асабліва гэта тычыцца армяна-азэрбайджанскага канфлікту. На працягу апошніх 8 гадоў я выступаю ў розных краінах, у розных міжнародных арганізацыях — Радзе Эўропы, Эўрапарлямэнце, Кангрэсе ЗША. У 2024 годзе я выступаў у парлямэнце Аўстраліі, таксама былі сустрэчы ў Кангрэсе ЗША. Толькі што была Японія.
Японія — найцікавейшая краіна, ні да чога не падобная, краіна, якая, на першы погляд, вельмі далёкая ад таго, што адбываецца на постсавецкай прасторы. Тым ня менш дзякуючы таму, што ў камэры СІЗА № 1 маім суседам быў японскі грамадзянін, мастак Даічы Ёшыда, там атрымалася, што нам разам зь ім прыйшла ў галаву ідэя пазнаёміць японскую аўдыторыю, у тым ліку акадэмічную, з тым, што адбываецца ў Беларусі. Японцы ня ведаюць пра Беларусь абсалютна нічога. Эўрапейцы ў той ці іншай ступені маюць уяўленьне, хто такі дыктатар Лукашэнка, яны ведаюць, хто такая Ціханоўская, яны ведаюць пра перасьлед іншадумства і апазыцыі ў Беларусі. А ў Японіі пра Беларусь ня ведаюць абсалютна нічога. Я лічу гэта няслушным, гэта трэба выпраўляць. Таму мы вырашылі з Даічы Ёшыда разам езьдзіць па японскіх унівэрсытэтах зь лекцыямі, расказваючы пра наш, мякка кажучы, непрыемны досьвед знаходжаньня ў Беларусі.
Мы абодва ў Беларусі апынуліся праездам, транзытам. Мы не грамадзяне, мы не жыхары Беларусі. Даічы Ёшыда быў транзытам у аэрапорце Менску, меўся з Кіева трапіць у Токіё зь перасадкай у Менску. У яго не было беларускай візы, ён нават не выходзіў з аэрапорту і адразу трапіў у турму за так званую кантрабанду зброі. Гэта такая ж кантрабанда зброі, як і тыя абвінавачаньні, што вешаюць на журналістаў, апазыцыянэраў і проста актыўных грамадзян. У выніку ён атрымаў чатыры гады турмы. Калі мы езьдзілі па японскіх унівэрсытэтах, Даічы пераапрануўся ў турэмную робу, у якой ён быў у віцебскай калёніі № 3.
— Аляксандар, вы публічная асоба, у вас вялікая колькасьць падпісчыкаў. Як шырока ваша гісторыя разышлася па сьвеце?
— Што адрозьнівае нас, замежнікаў, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі, ад саміх беларусаў? Мы — людзі з боку. Ані я, ані Даічы Ёшыда, ані брытанец Алан Сьміт, ані іншыя іншаземцы ў беларускіх турмах ня маем ніякага дачыненьня да Беларусі. Можна сказаць, што мы людзі нэўтральныя. Да таго як мы трапілі ў беларускую турму, у мяне не было нейкай пэўнай пазыцыі наконт таго, што адбываецца ў Беларусі. За ўсё сваё жыцьцё я ў Беларусі быў адзін раз, калі ехаў транзытам зь Літвы ў Расею. Правёў адну ноч у менскім гатэлі і адразу быў арыштаваны на запыт Азэрбайджану. Шчыра кажучы, я меў слабое ўяўленьне пра тое, што ў Беларусі адбываецца. Чуў тэрміналёгію «апошняя дыктатура Эўропы», бачыў сьмешныя мэмы з Лукашэнкам і тымі глупствамі, што ён кажа. Але асабліва нічога ня ведаў пра Беларусь. Мы, іншаземцы, як людзі не зацікаўленыя і далёкія ад Беларусі, трапілі ў кашмарную лукашэнкаўскую мясарубку, усё перажылі на сабе, і таму да нашых словаў, меркаваньняў прыслухоўваюцца больш, чым, напрыклад, прыслухоўваюцца да меркаваньняў нават беларускіх апазыцыянэраў у Эўропе ці Амэрыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер Лапшын пра сваю перамогу над афіцыйным Менскам у ААН: «Беларусь пад уладай Лукашэнкі — „Талібан“ у цэнтры Эўропы»- Аляксандра Лапшына, які мае грамадзянства Расеі і Ізраілю, затрымалі ў сьнежні 2016 году ў Менску на запыт Азэрбайджану. Блогера абвясьцілі ў міжнародны вышук за наведваньне Нагорнага Карабаху без дазволу ўладаў Азэрбайджану. Супраць выдачы блогера выступалі ўлады Расеі, Ізраілю і Армэніі. У ліпені 2017 году бакінскі суд у Азэрбайджане асудзіў блогера на тры гады пазбаўленьня волі. У верасьні 2017 году прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў памілаваў асуджанага. Яго экстрадавалі ў Ізраіль. На пачатку 2018 году Лапшын падаў скаргу на Азэрбайджан у Эўрапейскі суд у правах чалавека. Той прызнаў Азэрбайджан вінаватым у катаваньнях і спробе забіць Аляксандра Лапшына. Паводле рашэньня Азэрбайджан мусіў выплаціць яму кампэнсацыю ў памеры 30 тысяч эўра. 7 верасьня 2022 году Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў дзеяньні Беларусі незаконнымі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.