На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Беларусь пасьля 26 студзеня» адказвае доктар паліталёгіі, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня.
— Ёсьць шмат падставаў меркаваць, што выбары 2025 году ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, і што іх пераможца ўжо перадвызначаны. Таму ў гэтай праграме мы гаворым пра тое, што будзе пасьля 26 студзеня 2025 году. Як прыход да ўлады ў ЗША Дональда Трампа можа паўплываць на стаўленьне Захаду да Лукашэнкі і дэмакратычнага руху (да 26 студзеня 2025 году і пасьля)?
— Тут ключавое пытаньне — як Дональд Трамп можа паўплываць на хаду вайны ва Ўкраіне. І адпаведна — як гэта можа паўплываць на Беларусь. Некаторыя выказваюць меркаваньне, што Трамп — хутчэй пагроза для беларускіх дэмакратычных сілаў. І што прыход Трампа ў Белы дом — гэта магчымасьць для Лукашэнкі перазагрузіць сваё становішча ў міжнароднай палітыцы.
Ёсьць пэўныя аргумэнты за тое, што такія перасьцярогі і спадзевы маюць пад сабой падставу. Рэлевантнасьць дэмакратычных сілаў зьніжаецца. І гэта адбываецца ня толькі таму, што мяняюцца людзі ва ўладзе на Захадзе. Час ідзе, і Беларусь робіцца менш цікавай. Калі Трамп зойме зноў Белы дом, ЗША, сапраўды, могуць крыху перагледзець сваё стаўленьне да рэжыму ў Беларусі. І Лукашэнка гэта адчувае, менавіта таму ён рассыпаўся ў камплімэнтах на адрас Трампа адразу пасьля яго перамогі на выбарах. Але людзі ў Беларусі могуць не адчуваць, наколькі мала зацікаўленасьці ў заходніх урадаў мець стасункі з Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп можа заплаціць Лукашэнку за адыход ад Расеі, — амэрыканскі палітоляг Карабкоў— Лукашэнка ўвесь час гаворыць, што Беларусь павінна мець месца за сталом гіпатэтычных мірных перамоваў па Ўкраіне. Расейцы — Дзьмітры Пяскоў і Сяргей Лаўроў — некалькі разоў выказваліся ў падтрымку гэтай тэзы. Іншымі словамі, Расея гатовая бачыць Лукашэнку за гэтым сталом. А Трамп?
— Трампу могуць прывесьці аргумэнты на карысьць гэтага. Напрыклад, іх можа прывесьці Віктар Орбан, які мае добрыя стасункі з рэжымам Лукашэнкі. Але для Трампа пытаньне — а навошта яму Лукашэнка за гэтым сталом перамоваў? Лукашэнка павінен сфармуляваць прапанову, якая была б лепшая за прапанову Пуціна адносна Беларусі. Ён павінен нешта прынесьці за гэты стол. Калі ён хоча трапіць туды, каб проста паўтараць тэзы Расеі, то ня думаю, што Трампу захочацца гэта слухаць. І можа нават так здарыцца, што з Расеі санкцыі здымуць, а зь Беларусі — не.
— А геаграфія, суседзтва Беларусі і з Украінай, і з Расеяй — гэта не аргумэнт, каб забясьпечыць Менску ўдзел у мірных перамовах?
— У заходнім істэблішмэнце ёсьць цьвёрдае перакананьне, што Лукашэнка — гэта марыянэтка Крамля. І незразумелы адказ на пытаньне: навошта зь ім наагул размаўляць? Ёсьць жаданьне падтрымліваць сувэрэнітэт Беларусі. Але там ёсьць вялікія сумневы, ці зьяўляецца Лукашэнка сувэрэнам.
— Пэўны час таму вы выказалі гіпотэзу, што 26 студзеня стане стартам падрыхтоўкі да транзыту ўлады ў 2030 годзе (ці раней). Чым яна падмацаваная?
— Калі Лукашэнка будзе адчуваць сябе лепш, чым цяпер, варта чакаць, што ён будзе браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і ў 2030 годзе. Але працэс старэньня ідзе. Калі паглядзець, як ён выглядаў 5, 10, 15 гадоў таму, то выразна бачны працэс біялягічнага старэньня. Ён адчувае сябе горш і сам узьнімае гэтую тэму. Ён кажа сваёй палітычнай клясе, што стаміўся, што ім трэба думаць, як будуць жыць безь яго. І сама палітычная кляса пра гэта кажа.
Цяпер на тэлеканале АНТ гаворыцца, што трэба думаць над тым, як мы будзем жыць без Лукашэнкі. Калі б на АНТ казалі такое ў 2001 годзе, то яны б паехалі на Акрэсьціна. А цяпер пра гэта можна легальна гаварыць і разважаць. Дый сам Лукашэнка так ці інакш да гэтага рыхтуецца, няшчасны Ўсебеларускі народны сход быў створаны акурат пад гэта. Так што да гэтай думкі сасьпяваюць і ён, і палітычная кіроўная эліта. Напэўна, ня варта рабіць усе стаўкі на тое, што Аляксандар Лукашэнка ў 2030 годзе ня будзе браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Шмат што можа зьмяніцца. Але сытуацыя рухаецца ў бок транзыту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь пасьля 26 студзеня». «Я выключаю, што Лукашэнка пасьля выбараў пачне транзыт улады»,— гісторык ПашкевічВыбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.