Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягоная ініцыятыўная група ўжо сабрала больш за 700 тысяч подпісаў выбарнікаў на карысьць ягонага вылучэньня ў кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі.
«Мяне ўчора праінфармавалі, што на сёньняшні момант больш за 700 тысяч подпісаў. Недзе так», — працытаваў Лукашэнку Telegram-канал «Пул первого», зьвязаны зь ягонай прэсавай службай.
Паводле дзейнага ў Беларусі заканадаўства, для вылучэньня ў кандыдаты прэтэндэнты мусяць сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў. У апошняй электаральнай кампаніі, якая праходзіла ў 2020 годзе, ЦВК паведаміла, што ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі прадставіла 1 958 800 подпісаў, зь якіх сапраўднымі прызналі 1 939 572.
Наведваючы 14 лістапада чарговы сацыяльны аб’ект, Лукашэнка зноў выказаўся аб удзеле жанчын у выбарах прэзыдэнта.
«У Беларусі, ня дай Божа, жанчыну выберуць. У прэзыдэнта ЗША ня тыя паўнамоцтвы, а тут трэба ўнікаць ва ўсё. У Беларусі прэзыдэнт — галоўнакамандуючы. І потым, гэта найцяжэйшая праца. Ня трэба так грузіць жанчыну, гэта не цырыманіяльная пасада. Магчыма, праз пэўны час мы падыдзем да такога стылю. Але пакуль ён іншы», — заявіў Лукашэнка.
Пры гэтым ён дадаў, што быў прыхільнікам вылучэньня кандыдатаў грамадзкімі арганізацыямі, як гэта было ў выпадку з Вольгай Чамаданавай (яе вылучэньне падтрымаў актыў Беларускага саюзу жанчын і кіраўнік праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. — РС) і Сяргеем Бобрыкавым (грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі саюз афіцэраў»).
«Я быў прыхільнікам, каб усе партыі, вялікія грамадзкія арганізацыі вылучалі сваіх кандыдатаў. Вылучылі: Воля Чамаданава ў нас была і Бобрыкаў. Ну нармальныя людзі, [ягоныя прыхільнікі]. І яны ішлі: «Мы ведаем, што [Лукашэнка] выйграе, але мы не дамо яго пакрыўдзіць. А потым паглядзелі-паглядзелі: унутры арганізацый ня вельмі гэта разумеюць, і яны: „Лепш мы здымемся“. Ну як мяне праінфармавалі. Я толькі ўчора даведаўся, што яны зьняліся з гэтай дыстанцыі. Будзем разам змагацца за той курс, які мы даўно вызначылі», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Няма ніякага страху, што будуць удзельнічаць усе, хто захоча. Мы больш не дамо магчымасьць краіну ні нахіліць, ні на калені, ня дай Божа, паставіць, ні зьнішчыць. Гэта выключана, як бы камусьці гэтага ні хацелася», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб пазьбегнуць «дваякіх думак». Чаму зьняліся з выбараў Бобрыкаў і ЧамаданаваСёлета аб сваім намеры ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта 26 студзеня 2025 году заяўлялі тры жанчыны: Ганна Канапацкая ,дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6-га скліканьня (2016–2019), экс-кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2020 году: Дзіяна Кавалёва, жыхарка Магілёва (раней яна была прадпрымальніцай і здавала жытло на содні, але ў 2021 годзе яе ІП закрылі з прычыны неажыцьцяўленьня дзейнасьці) і Вольга Чамаданава, начальніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму, старшыня Беларускага саюзу жанчын, былая прэс-сакратарка МУС Беларусі.
ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы Ганны Канапацкай і Вольгі Чамаданавай. Дзіяне Кавалёвай адмовілі, бо датычна 30 з 114 прапанаваных сяброў ініцыятыўнай групы былі пазначаныя неадпаведныя пашпартныя зьвесткі. А для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы неабходна, каб у яе складзе было ня менш за 100 чалавек.
Вольга Чамаданава спыніла ўдзел у выбарчай кампаніі праз 12 дзён пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
Цяпер сярод жанчын – патэнцыйных удзельніц прэзыдэнцкай кампаніі засталася толькі Ганна Канапацкая.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.