«Гісторыя на Свабодзе». Расея ня зможа русыфікаваць беларусаў і ўкраінцаў, — Алег Латышонак

Фотакаляж: гісторык Алег Латышонак

На якім этапе сваёй гісторыі знаходзіцца Расея? Ці існуе расейская нацыя? Ці можа Расея ня быць імпэрыяй і ці адпусьціць яна Беларусь у агляднай пэрспэктыве?

Пра гэта і пра іншае мы гаворым з габілітаваным доктарам гісторыі, прафэсарам Беластоцкага ўнівэрсытэту ў Польшчы, аўтарам кнігі «Ўсходняя Эўропа ў сутыкненьні цывілізацый» Алегам Латышонкам.

0:00 – ці сапраўды Расея не Эўропа, а Эўразія

2:08 – ці існуе асобная расейская цывілізацыя

4:10 – ці сапраўды паводзіны Расеі тлумачацца зайздрасьцю да Захаду

5:16 – ці сапраўды Расея ня можа ня быць імпэрыяй і ня можа зьмяніцца

7:48 – якая сапраўдная мэта русыфікацыі беларусаў і ўкраінцаў

9:58 – навошта Расеі беларусы і ўкраінцы

11:40 – ці існуе расейская нацыя

14:40 – ці магчымае перазаснаваньне Расеі на рэальных фэдэратыўных прынцыпах

18:57 – навошта Пуціну Грузія, Малдова, Прыбалтыка

21:15 – як можа выглядаць нацыянальная расейская дзяржава

22:54 – ці сапраўды праваслаўе замінае Грузіі і Малдове адарвацца ад Расеі

24:34 – ці зможа Расея адпусьціць Беларусь і Ўкраіну

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Алегам Латышонкам:

— Расея належыць Эўропе ці яна, як цяпер сьцьвярджае афіцыйная расейская ідэалёгія і піша расейская прапаганда, — сапраўдны эўразійскі цывілізацыйны фэномэн?

— Ужо заснавальнік тэорыі шматлікасьці цывілізацый Мікалай Данілеўскі сьцьвярджаў, што спалучэньне Эўропы і Азіі — гэта нешта немагчымае. Так што так званае эўразійства — гэта нешта нерэальнае.

Расея фактычна мае цяжкасьці з вызначэньнем сябе, паколькі яна не стварыла яркіх цывілізацыйных маркераў. Яна недзе паміж. Ня тое каб яна была Эўразіяй, але нешта паміж Эўропай і Азіяй, бо ўрэшце не далучылася ні да чога. Джозэф Конрад сьцьвярджаў, што Расея — гэта нешта накшталт чорнай дзіры паміж Эўропай і Азіяй.

Я лічу, што ніякай эўразійскай расейскай цывілізацыі не існуе, паколькі няма нічога, што б ясна яе акрэсьлівала. Але мода ёсьць мода — цяпер там моднае эўразійства.

— Самі расейскія сьпікеры, нават тыя, хто цяпер выехаў за мяжу і зьяўляецца апазыцыяй Уладзіміру Пуціну і яго рэжыму, сьцьвярджаюць, што Расея — гэта асобная цывілізацыя. А як лічыш ты: Расея сапраўды асобная цывілізацыя — ці ўсё ж, хай непаўнавартасная, але Эўропа?

— Тое, што не існуе ніякай расейскай цывілізацыі, гэта напэўна, паколькі Расея ня ўнесла нічога такога, што б магло вызначыць яе як цывілізацыю. Яна выкарыстоўвае розныя цывілізацыйныя дасягненьні ад іншых, але нічога такога свайго ўласнага не стварыла. Хоць можна сказаць, што Срэбраны век і вучэньне Фёдарава — гэта ўжо расейскае дасягненьне, але яно з Эўразіяй ня мае нічога супольнага. Збольшага можна сказаць, што Расея менавіта пераймае розныя эўрапейскія каштоўнасьці, а з Азіі — фактычна нічога. Я ня бачу, што магло злучаць Расею, напрыклад, з Кітаем. Гэта абсурд. Ужо нават Гумілёў лічыў, што Кітай — гэта фактычна вораг, калі лічыць Расею асобнай цывілізацыяй.

Прытым лічыць Расею асобнай цывілізацыяй немагчыма, калі мы думаем пра Расейскую Фэдэрацыю. Там шмат народаў, якія належаць да іншых цывілізацый, а яны ўсё кажуць, што цывілізацыя цывілізацый... Гэта абсурд у квадраце.

Яны з роспачы спрабуюць вызначыць сабе нейкае месца ў сьвеце. І адсюль бяруцца такія абсурдныя рэчы, як цывілізацыя цывілізацый.

— Нядаўна расейскі палітычны камэнтатар Уладзімір Пастухоў фактычна паўтарыў тое, пра што 100 гадоў таму пісалі расейскія філёзафы — і Фёдараў, і Фядотаў, і Сьцяпун, і Бярдзяеў: што Расея моцна адстае ад Захаду і менавіта таму камплексуе і канфліктуе з Захадам. Ты згодны?

— Згодны. Тут няма пра што спрачацца. Гэта так, Расея камплексуе. Хоць і мае свае дасягненьні. Я далёкі ад таго, каб прыніжаць расейцаў. Срэбраны век, пра які я ўжо казаў, шмат чаго ўвёў у сусьветную думку і сусьветную культуру. Ім ёсьць чым хваліцца. Але збольшага гэта ўсё зьвязана з заходняй культурай. Нічога азіяцкага ў гэтай культуры няма.

— Год таму на нашым канале амэрыканскі прафэсар Лія Грынфэльд заявіла, што Расея ня можа ня быць імпэрыяй і ня можа зьмяніцца. Як лічыш ты, Расея можа ня быць імпэрыяй? Яна можа зьмяніцца?

— Ну, так адразу дэтэрміністычна, што ня можа зьмяніцца... Нічога такога не існуе, што ня можа зьмяніцца. Усё можа здарыцца. Можа здарыцца і так, што Расея ня будзе імпэрыяй. Проста яна вялікая.

На мой погляд, усё ж трэба адрозьніваць, ці маем мы дачыненьне зь нейкай рэгіянальнай магутнасьцю, ці з імпэрыяй. Брытанцы разьвіталіся з імпэрыяй, разьвіталіся французы, не разьвіталіся амэрыканцы. А ці можа Амэрыка ня быць імпэрыяй? Можа. Там ёсьць людзі, якія сьцьвярджаюць, што Амэрыка павінна пакінуць свае імпэрскія мары. Ёсьць такія і ў Расеі.

— Наколькі я разумею, Лія Грынфэльд мела на ўвазе, што нацыянальнае пачуцьцё расейцаў мае імпэрскі характар і наўпрост зьвязана зь іх імпэрыяй. Так што пытаньне стаіць так — ці можа нацыянальнае пачуцьцё расейцаў зьмяніцца?

— Я думаю, што можа, паколькі расейцы ўжо сышлі са шматлікіх краінаў. Ужо ніхто не гаворыць пра расейскую Цэнтральную Азію, а яшчэ Гумілёў лічыў яе неад’емнай часткай расейскага супэрэтнасу. А цяпер яны там фактычна як этнас ужо не прысутныя. Расейцы з усіх тых краінаў едуць у Расею або на Захад.

Так што з часам, а мова ж ідзе пра доўгія працэсы, расейцы ўсё ж асэнсуюць, што тая тэрыторыя, якая у іх ёсьць, гэта нацыянальная тэрыторыя. Гэта шмат што памяняе. Гэта ж аграмадная тэрыторыя, аграмадныя заданьні, а Пуцін марнуе расейскую энэргію і грошы на абсурдную вайну.

— Лія Грынфэльд казала, што русыфікацыя беларусаў і ўкраінцаў была не далучэньнем іх да расейскага этнасу, а толькі сродкам кантролю за гэтымі народамі і іх тэрыторыяй. А як лічыш ты, чым была і ёсьць русыфікацыя?

— Накідваньне сваёй мовы і культуры іншым нацыям заўсёды было сродкам кантролю за гэтымі нацыямі. І гэта тычыцца ня толькі расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў, але ўсіх на сьвеце.

Калі ж гаварыць пра наш час, то я лічу, што Пуцін не адбудоўвае Расейскую імпэрыю, але будуе нармальную расейскую, вялікарускую нацыянальную дзяржаву. Калі б было інакш, то расейцы не фарсавалі б поўнай культурнай русыфікацыі беларусаў і ўкраінцаў.

А яны ж пачалі з малых нацыяў у Расеі, перш за ўсё фіна-вугорскіх. Там ідзе татальная русыфікацыя: ліквідуюцца нацыянальныя аўтаномныя акругі, мовы нацыянальных меншасьцяў выключаюцца са школ, уводзіцца прынцып добраахвотнасьці — калі хочаш, то не вывучай. А раней жа вывучэньне нацыянальных моваў было абавязковае. Успомнім удмурцкага філёзафа Разіна, які падпаліў сябе на знак пратэсту супраць такой палітыкі.

Так што абсалютна ясна, што чакае беларусаў і ўкраінцаў, калі іх далучаць да Расеі. Але гэта не імпэрская палітыка — гэта проста ліквідацыя беларусаў і ўкраінцаў як нацый. Імпэрыі ліквідацыя нацый не патрэбная. Імпэрыя паводле самога свайго духу шматнацыянальная. А тут ідзецца пра зьнішчэньне беларускай і ўкраінскай культуры [...].

— Ці адпусьціць Расея Беларусь і Ўкраіну? Ці здольная яна гэта зрабіць? Ці хопіць ёй інтэлектуальных сіл для гэтага? І тут жа паўстае пытаньне: ці змогуць Беларусь і Ўкраіна сысьці ад Расеі?

— Гэта два розныя пытаньні. Нават калі расейцам ня хопіць інтэлектуальных сіл і волі, то яшчэ можна дапусьціць варыянт нейкай смуты ў Расеі — вельмі праўдападобны. І тады будзе залежаць ад беларусаў і ўкраінцаў, ці здолеюць яны адысьці ад Расеі.

Такое здараецца. Нядаўна мы гаварылі зь сябрам аб тым, што Бог любіць беларусаў, ён безупынна дае нам шанцы. Мы іх не скарыстоўваем, але можа адзін раз нарэшце ўдасца.

А тое, ці сама Расея здолее зьмірыцца са стратай Беларусі і Ўкраіны, залежыць ад таго, як мы разумеем слова «страта». Калі прыняць тое, што яны ня будуць далучаныя, то я лічу, што яны змогуць зьмірыцца. Але, безумоўна, іх жалезным патрабаваньнем будзе тое, каб гэта былі буфэрныя краіны. Бо я ня думаю, што нават расейскія лібэралы будуць цешыцца з далучэньня Ўкраіны да NATO, як і Беларусі. Але як вольныя краіны, то я такое сабе магу ўявіць.

Вядома, Украіна доўга ня будзе супрацоўнічаць з Расеяй.

Але ў нашым выпадку гэта найболей залежыць ад саміх беларусаў.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

Your browser doesn’t support HTML5

Ці адмовіцца Расея ад прэтэнзій на Беларусь?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». ДНК паказвае, што беларусы бліжэйшыя да палякаў, украінцаў і нават расейцаў, чым да літоўцаў, — Алег Латышонак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Палесьсе — беларускае, украінскае ці палескае?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Літаратурная беларуская мова — гэта мова аславяненых літоўцаў, — Алег Латышонак

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.