Ва Ўкраіне на 15 гадоў турмы асудзілі ўраджэнца Магілёва, які ваяваў на баку Расеі і трапіў ва ўкраінскі палон

47-я мотастралковая дывізія расейскай арміі ў Севастопалі перад адпраўкай на фронт ва Ўкраіну ў верасьні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Ураджэнец Магілёва меў украінскае грамадзянства і жыў у Крыме. Там ён застаўся і пасьля анэксіі паўвострава Расеяй. Ён разрываў кантракт з расейскай арміяй за нявыплату грошай, але потым зноў вяртаўся на службу і ваяваў супраць Украіны, паверыўшы прапагандзе.

Адзін з судоў Данецкай вобласьці асудзіў за злачынствы супраць асноў нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны і дзяржаўную здраду ўраджэнца Магілёва, грамадзяніна Ўкраіны, які жыў у Крыме да і пасьля яго анэксіі Расеяй.

Як адзначаецца ў судовым выраку, які мае ў сваім распараджэньні Свабода, яго асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і з забаронай на гэты ж час працаваць на адказных пасадах у прадпрыемствах розных формаў уласнасьці.

Як высьветліла сьледзтва, у ліпені 2014 году ўраджэнец Беларусі прыехаў зь Севастопаля ў Данецк і паступіў на службу стралком у незаконнае ўзброенае фармаваньне «Кальміюс» так званай «ДНР» (пазьней гэтую брыгаду фармальна ўключылі ў склад Сухапутных войскаў Расеі. — РС). Сваё жаданьне ваяваць у так званым «апалчэньні ДНР» ён патлумачыў тым, што паверыў паведамленьням, якія трансьляваліся па тэлевізіі пасьля рэфэрэндуму ў Крыме, аб нібыта «зьверствах Узброеных сіл Украіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ў рамках абмену перадала Расеі яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр»

На баку данецкіх сэпаратыстаў ён ваяваў нядоўга: праз тры месяцы вярнуўся ў Севастопаль, а калі Расея ў лютым 2022-га зноў уварвалася ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, ён зноў пайшоў добраахвотнікам, але ўжо ў расейскае войска.

Праз тры месяцы службы камандзірам аднаго з узводаў агнявой падтрымкі ў адной з крымскіх вайсковых частак, у ліпені 2022 году, ён падпісаў кантракт на паўгода і пачаў як агнямётчык удзельнічаць у баявых дзеяньнях супраць украінскага войска. Але праз тры месяцы, у верасьні 2022 году, разарваў кантракт, бо яму не выплочвалі грашовае забесьпячэньне, і зноў вярнуўся ў Крым.

Але і на гэтым ягоная вайсковая «кар’ера» ня скончылася: у канцы кастрычніка 2022 году ён спачатку добраахвотна ўладкаваўся на працу ў ваенізаванае ахоўнае прадпрыемства «Канвой» (таксама ўваходзіць у склад расейскіх войскаў). Пазьней яго перакінулі на вайсковы палігон у Якуцк (Расея), дзе ён у ліпені 2023-га зноў падпісаў кантракт аб службе ў расейскім войску. Яго ў званьні старшага сяржанта прынялі камандзірам аднаго з падразьдзяленьняў мотастралковага палка Ўзброеных сіл Расеі.

Ураджэнец Беларусі ваяваў у Данецкай, Херсонскай і Запароскай абласьцях Украіны.

У красавіку 2024 году ў часе штурму ўкраінскіх пазыцый на данецкім кірунку яго ўзялі ў палон і перавезьлі ў лягер для ваеннапалонных «Захад-1». Ва ўсіх пасяджэньнях суду ён удзельнічаў праз спэцыяльна арганізаваную відэасувязь, меў адваката.

Перад абвяшчэньнем выраку ён прызнаў сваю віну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пацьвердзілі: беларус, якога вышуквалі ў Берасьці з 2022 году, мае статус ваеннапалоннага