Хроніка перасьледу 13 лістапада: у Менску судзяць бізнэсоўца Саўрыцкага і ягоную сям’ю

Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Вырак у Рагачове

У судзе Рагачоўскага раёну 8 кастрычніка адбыўся суд над 46-гадовым мясцовым жыхаром Аляксандрам Акакіевым.

Яго прызналі вінаватым у «абразе» Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК). Судзьдзя Ірына Прадун прызначыла Аляксандру 1 год і 6 месяцаў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Вясна». Падрабязнасьці справы і суду праваабаронцам невядомыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 лістапада: двух берасьцейцаў адправілі ў калёнію за пратэсты ў 2020-м

Судзяць менскага бізнэсоўца Саўрыцкага і ягоную сям’ю

Ім пагражае да 12 гадоў нібыта за «распальваньне варожасьці».

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся разгляд справы сям’і Саўрыцкіх. Іх абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці» (ч. 3 арт. 130 КК). Судзіць сям’ю Міхаіл Макарэвіч. Акалічнасьці справы невядомыя, як і сутнасць абвінавачаньня.

61-годавы Генадзь Саўрыцкі родам зь Менску. Ягоны бізнэс — гэта ААТ «Анастан», буйная кампанія, якая займаецца вытворчасьцю пенаплясту, піша «Наша ніва». Жонцы Саўрыцкага Ірыне 58 гадоў. Яна працавала спэцыялісткай у продажах, а пасьля мэнэджарам у «Анастане». У сям’і дзьве дачкі. Адна зь іх, Віялета, праходзіць у справе з бацькамі. Ёй 23 гады, яна скончыла школу ў Менску, пасьля паступіла ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 лістапада: у Горадні судзяць майстра «Гроднажылбуд»