Малдова абвінаваціла Маскву і прарасейскага алігарха Ілана Шора ва ўмяшаньні прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся ў краіне, і ў рэфэрэндум аб уступленьні ў Эўразьвяз. Паводле афіцыйнага Кішынёва, выкарыстаная Шорам схема была накіраваная на куплю 300 тысяч галасоў, паведамляе Reuters.
12 лістапада Малдова ўручыла амбасадару Расеі ў Кішынёве ноту пратэсту. У заяве МЗС Малдовы адзначаецца, што Расея спрабавала дэлегітымізаваць дэмакратычны працэс прэзыдэнцкіх выбараў, падчас якіх Мая Санду была пераабраная на другі тэрмін, і рэфэрэндум аб уключэньні ў Канстытуцыю пункту, які абвяшчае ўступленьне ў Эўразьвяз у якасьці мэты краіны.
Малдова абвінаваціла Маскву і алігарха Ілана Шора, які хаваецца ад правасудзьдзя ў Расеі, ва ўмяшаньні ў выбарчы працэс напярэдадні галасаваньня, заявіўшы, што запушчаная ім схема была накіраваная на куплю 300 тысяч галасоў.
Алігарх Ілан Шор, які пражывае ў Расеі, адмаўляе сваю віну. Масква сьцьвярджае, што выбары (першы тур галасаваньня адбыўся 20 кастрычніка, а другі 3 лістапада) былі несумленныя. Крэмль заявіў, што ня лічыць Санду законным прэзыдэнтам Малдовы.
Таксама МЗС Малдовы выкарыстала сустрэчу з расейскім амбасадарам, якая адбылася 12 лістапада, каб асудзіць парушэньне паветранай прасторы краіны двума бесьпілётнікамі, якія ўпалі на тэрыторыі Малдовы ў нядзелю. Расейскі амбасадар у Кішынёве Алег Озераў заявіў, што няма ніякіх доказаў таго, што бесьпілётнікі былі расейскія.
10 лістапада зьнешнепалітычнае ведамства Малдовы паведаміла, што два расейскія дроны выявілі ў раёне населеных пунктаў Кэўшэнь і Рышканы пасьля ўдараў расейскіх бесьпілётнікаў па Ўкраіне.
12 лістапада паліцыя Малдовы паведаміла, што выявіла яшчэ адзін дрон, які ўпаў на ўскраіне гораду Кашэрніца Крыўлянскага раёну, прыкладна за 26 км ад Кішынёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завезеныя ў амбасаду ў Менску грамадзяне Малдовы масава галасавалі за праціўніка Маі Санду, — «Позірк»