У ноч на 12 лістапада два расейскія бесьпілётнікі пакінулі паветраную прастору Ўкраіны ў напрамку Беларусі, паведаміла камандаваньне Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны (УСУ). 10 і 11 лістапада ведамства таксама паведамляла пра залёт расейскіх дронаў на беларускую тэрыторыю.
Паводле УСУ, мінулай ноччу (з 21:00 11 лістапада) Расея ўжыла супраць Украіны 110 ударных бесьпілётнікаў тыпу «Шахед» і іншых дронаў «неўстаноўленага тыпу». Зь іх сама меней 46 дронаў зьбілі ў розных абласьцях Украіны.
«60 варожых бесьпілётнікаў лякальна страчаныя ў розных рэгіёнах Украіны, два расейскія БПЛА выйшлі з паветранай прасторы Ўкраіны ў напрамку Беларусі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Тым часам, паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у ноч на 12 лістапада ў Беларусь заляцела сама меней 8 расейскіх дронаў. Авіяцыю ВПС на перахоп бесьпілётнікаў не падымалі.
Улады пра ўварваньне дронаў на тэрыторыю Беларусі не паведамлялі.
Узброеныя сілы Ўкраіны паведамляюць пра залёт расейскіх бесьпілётнікаў на тэрыторыю Беларусі ўжо трэці дзень запар. У ноч на 11 лістапада, паводле УСУ, тры расейскія БПЛА «пакінулі паветраную прастору Ўкраіны ў напрамку Беларусі і часова акупаванай тэрыторыі». У ноч на 10 лістапада агулам дзесяць расейскіх дронаў пакінулі паветраную прастору Ўкраіны «ў напрамку Малдовы, Беларусі і Расеі» — колькі зь іх заляцела ў Беларусь, у паведамленьні УСУ не ўдакладняецца.
Праект «Беларускі Гаюн» сьцьвярджае, што зафіксаваў у ноч з 10 на 11 лістапада сама меней 6 заходаў расейскіх дронаў «Шахед» у Беларусь з Украіны, а ў ноч з 9 на 10 лістапада — сама меней 10 расейскіх «Шахедаў».
Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі пра залёт на беларускую тэрыторыю расейскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1 і 3 лістапада, падлічыў «Позірк».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэагуем моўчкі». Як улады абараняюць беларускае неба ад вайсковых бесьпілётнікаў- 17 верасьня Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што расейскія дроны залятаюць у Беларусь. У кастрычніку Лукашэнка тлумачыў залёт БПЛА ў Беларусь недасьведчанасьцю апэратараў і казаў, што «некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расеі, і з боку Ўкраіны». Паводле Лукашэнкі, гэтыя пытаньні ў Беларусі вырашаюць «на ўзроўні спэцыялістаў, не выносячы ў публічнае поле». Такія дамоўленасьці, паводле Лукашэнкі, нібыта былі дасягнутыя з абодвума бакамі.
- Зь ліпеня 2024 году рэсурсы, якія спэцыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварваньня ў паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну.
- У ноч на 5 верасьня некалькі дронаў зьбілі над Гомлем, абломкі аднаго зь іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушанае прызнаць факт парушэньня мяжы дронамі, але не назвала, каму яны належалі.
- 8 верасьня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзэкненскім краі (прыкладна за 35 км ад мяжы зь Беларусьсю) разьбіўся расейскі дрон. 9 верасьня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што гэта быў дрон тыпу «Шахед», начынены выбухоўкай.