Авіякампанія Red Wings ужо адмаўляецца ад рэйсаў з Ульянаўску ў Менск. Іх адкрылі ў чэрвені

Самалёт кампаніі Red Wings

Прычына — скарачэньне дзяржаўнага субсыдаваньня.

Расейская авіякампанія Red Wings са сьнежня спыніць продаж білетаў на рэйсы з Ульянаўску ў Менск, паведамляе газэта «Коммерсант». Рэйсы плянуецца скасаваць як мінімум да сакавіка 2025 году.

На сайце перавозьніка апошнім днём продажу квіткоў на маршрут стаіць 29 лістапада. Кошт пералёту складае 5617 расейскіх рублёў (каля 57 даляраў).

На пытаньне выданьня аб прычынах спыненьня продажу квіткоў прэс-служба Red Wings не адказала. Са спасылкай на свае крыніцы мэдыя паведамляе, што рэйсы адмяняюцца ў сувязі са скарачэньнем бюджэтнага субсыдаваньня. Таксама пад пагрозай пералёты ў Екацярынбург.

Заяўлена, што Беларусь «ня мае права субсыдаваць замежныя авіякампаніі, у яе няма на гэта адпаведнай заканадаўчай базы».

Аб’ём субсыдаваньня рэйсу ў Менск і назад складае 1,3 млн расейскіх рублёў (каля 13,3 тысяч даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская авіякампанія, якая актыўна лятае ў Беларусь, істотна зьменшыла вагу і памеры ручной паклажы

Пры гэтым прадстаўнік Міністэрства транспарту Ульянаўскай вобласці Юрый Чыбісаў заявіў, што рашэнне аб скасаванні рэйсаў «яшчэ не прынятае». «Пакуль адменены толькі продаж квіткоў, мы знаходзімся з авіякампаніяй у перамоўным працэсе», — сказаў ён.

Паводле звестак медыя, авіярэйсы ў Мінск «адназначна спыняюцца як мінімум да сакавіка», «ідуць перамовы, як захаваць рэйс у Екацярынбург».

Рэгулярныя авіязносіны паміж Менскам і Ўльянаўскам пачаліся 1 чэрвеня. Паводле слоў кіраўніка Ўльянаўскай вобласьці Аляксея Рускіх, маршрут арганізаваны па выніках дамоўленасьці з Аляксандрам Лукашэнкам падчас сустрэчы ў 2023 годзе.

3 красавіка адкрыліся рэйсы паміж Берасьцем і Масквой, 22 сакавіка — паміж Гомлем і Санкт-Пецярбургам, 22 красавіка — паміж Менскам і Архангельскам, 25 красавіка — паміж Менскам і Махачкалой, 28 траўня — паміж Менскам і Мурманскам.

Расавіяцыя раней заяўляла, што вывучае цікавасьць расейскіх авіякампаній па арганізацыі рэйсаў у Горадню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія авіякампаніі будуць лётаць у Гомель з Масквы і ў Менск з Саратава. Пяць гадоў таму аэрапорт «Менск» Расею не задавальняў