У маскоўскім храме затрымалі верніка пасьля споведзі, на якой ён расказаў пра свае антываенныя погляды

Протаярэй Андрэй Ткачоў, вядомы сваёй прапуцінскай пазыцыяй

Затрыманьне адбылося 10 лістапада.

Праваабарончы праект «ОВД-Инфо» паведаміў, што ў Маскве ў нядзелю, 10 лістапада паліцыя затрымала мясцовага жыхара Аляксея Себасцьяненку, які падзяліўся са сьвятаром сваімі антываеннымі поглядамі.

«ОВД-Инфо» паказвае, што масквіча затрымалі ў царкве, прыхаджанінам якой ён зьяўляецца. Сам ён лічыць, што на яго напісаў данос протаярэй Андрэй Ткачоў, які служыць настаяцелем храма ў гонар Тройцы Жываначальнай у Хахлах. Раней у гутарцы з Ткачовым Себасцьяненка казаў, што падтрымка вайны ва Ўкраіне, зь ягонага пункту гледжаньня, супярэчыць хрысьціянскім запаведзям «Не забі» і «Не пажадай дома бліжняга свайго».

Аляксея Себасцьяненку павезьлі ў аддзел паліцыі па Басманным раёне Масквы.

Пазьней стала вядома, што яго пакінуць у АУС на ноч. Пры гэтым ён да гэтага часу ня можа сказаць, што менавіта ставяць яму ў віну.

Протаярэй Андрэй Ткачоў сытуацыі не камэнтуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі прадаваць рэлігійныя кнігі, выдадзеныя Беларускім экзархатам РПЦ

Настаяцелем маскоўскага храма Тройцы Жываначальнай у Хахлах шмат гадоў быў сьвятар Аляксей Умінскі, вядомы сваёй дабрачыннай дзейнасьцю. Пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну сьвятарам РПЦ Маскоўскага патрыярхату рэкамэндавалі чытаць малітвы аб «Аб перамозе сьвятой Русі». Умінскі адмовіўся гэта чытаць, замяніўшы на малітву аб міры, і быў забаронены ў служэньні і пазбаўлены сану. Пасьля Канстантынопальскі патрыярхат аднавіў яго ў сане, і цяпер Умінскі служыць за мяжой.

На зьмену Ўмінскаму настаяцелем храму Тройцы прызначылі Андрэя Ткачова, які вядомы сваёй прадзяржаўнай пазыцыяй і вельмі кансэрватыўнымі поглядамі на ўладкаваньне грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі праходзіць царкоўны суд над сьвятаром Георгіем Роем, які перайшоў у юрысдыкцыю Канстантынопальскага патрыярхату