Настаўнікі ў Расеі зноў паверылі ў хітрыкі пранкера-беларуса

Расейскія настаўнікі з Варонескай вобласьці, якіх падмануў Уладзіслаў Бохан.

На гэты раз настаўнікі ў расейскіх школах рабілі «шлемы, якія абараняюць ад зьнешніх ворагаў», з фольгі і фатаграфаваліся зь імі на галаве.

Указаньне зладзіць такую імпрэзу і выкласьці фота- і відэасправаздачы яшчэ ў ліпені сёлета па ўстановах адукацыі Варонескай вобласьці Расеі разаслаў беларускі пранкер і мастак Уладзіслаў Бохан.

У выніку пэдагогі некалькіх школ Варонескай вобласьці зрабілі справаздачу аб правядзеньні майстар-клясаў «Шлем Айчыны».

У сваім тэлеграм-канале Ўладзіслаў напісаў, што акцыя, якую ён назваў працягам «вымярэньня ўзроўню фашызацыі расейскага грамадзтва на аснове эсэ Ўмбэрта Эка «Вечны фашызм», была другою часткаю праекту «Трыюмф молі». Выніковае відэа апублікаванае на Ютуб-канале ByLOL.

На відэа адна з настаўніц кажа:

«Сёньня мы з вамі вырабілі шлем „Айчына“. Выраб шлема — ня толькі карысны і займальны занятак, але яшчэ і неабходнасьць абароны. Такі шлем можа вас абараніць ад зьнешняй пагрозы. Няхай шлем, які вы вырабіце сваімі рукамі, стане сродкам абароны ад зьнешніх ворагаў нашай цудоўнай краіны».

Раней з падачы Ўладзіслава Бохана расейскія настаўнікі віншавалі Пуціна партрэтамі Сьцяпана Бандэры, а яго самога ўспрымалі як давераную асобу кіраўніка Крамля.

Вясной сёлета Ўладзіслаў прадставіўся даверанай асобай Уладзіміра Пуціна і папрасіў расейскіх настаўнікаў разьмясьціць аб’явы пра сустрэчы зь ім у школах.

«Даручэньне» пранкера выканалі настаўнікі дзьвюх зь сямі школ гораду Югра ў Кемераўскай вобласьці РФ, куды ён дасылаў лісты (школы № 14 і 15). У фае школы № 14 афішы з надпісам «За нашага прэзыдэнта!» трансьлявалі таксама на экране. Настаўнікаў не зьбянтэжыў нават QR-код на плякаце, які вядзе на канал Бохана.

У 2023 годзе Бохан «прымусіў» настаўнікаў школаў у Смаленскай вобласьці правесьці акцыю зь ягоным партрэтам у гонар нібыта прысваеньня яму званьня «Герой Расеі». Яны трымалі ў руках плякаты з надпісамі «Ўладзіслаў наш герой» і «Ўладзіслаў наш гонар».

У 2022 годзе з падачы Бохана настаўнікі падмаскоўнага гораду Клін выйшлі на суботнік з цытатамі часоў Трэцяга райху, і ніхто зь іх не распазнаў, што гэта за цытаты.

  • Уладзіслаў Бохан — беларускі мастак, у мінулым выкладчык гісторыі зь менскай Серабранкі. Актыўны ўдзельнік пасьлявыбарчых пратэстаў, вымушаны быў зьехаць зь Беларусі ўлетку 2021 году, бо пагражаў крымінальны перасьлед. Цяпер Уладзіслаў Бохан жыве ў Беластоку, працуе на чыгунцы. У ягоныя абавязкі ўваходзіць мыць цягнікі. Мастацтвам і пранкамі займаецца ў вольны час. Выхоўвае дваіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даў пад зад асабіста Пуціну»: Як былы настаўнік зь менскай Серабранкі разыгрывае беларускіх і расейскіх калег