NATO выказалася наконт ваеннай супрацы Расеі і КНДР

Кім Чэн Ын і Ўладзімер Пуцін

Саюзьнікі па NATO рашуча асуджаюць рашэньні лідараў Расейскай Фэдэрацыі і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) небясьпечна пашырыць несправакаваную агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, гаворыцца ў заяве альянсу.

«Паглыбленьне ваеннага супрацоўніцтва паміж Расеяй і КНДР моцна ўплывае на эўраатлянтычную бясьпеку, а таксама на Інда-Ціхаакіянскі рэгіён». — заявілі ў NATO.

Арганізацыя канстатуе, што нарошчваньне ваеннага супрацоўніцтва паміж Расеяй і КНДР зьяўляецца парушэньнем шэрагу рэзалюцый Рады бясьпекі ААН.

«Мы заклікаем усе краіны не аказваць ніякай дапамогі агрэсіі Расеі і асуджаем усіх тых, хто спрыяе і тым самым працягвае незаконную вайну Расеі супраць Украіны». — гаворыцца ў звароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка хваравіта ўспрыняў зьяўленьне войскаў КНДР на расейска-ўкраінскім фронце

NATO сьцьвярджае, што будзе працягваць працаваць са сваімі партнэрамі, у прыватнасьці ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, каб садзейнічаць міру і стабільнасьці і не дапусьціць, каб Расея і тыя, хто спрыяе яе ваенным намаганьням, падарвалі рэгіянальную і глябальную стабільнасьць.

«Саюзьнікі поўныя рашучасьці падтрымаць Украіну ў стварэнні сіл, здольных перамагчы расейскую агрэсію, у адпаведнасьці з абяцаньнем доўгатэрміновай дапамогі Украіне ў галіне бясьпекі». — заявілі ў паўночнаатлянтычным альянсе.

5 лістапада ў Міністэрстве абароны ЗША пацьвердзілі, што ў Курскай вобласьці Расеі знаходзіцца ад 10 да 12 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, і калі яны ўступяць у бой, то стануць законнымі мішэнямі для ўкраінскага войска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пэнтагоне пацьвердзілі колькасьць вайскоўцаў КНДР, якія знаходзяцца ў Курскай вобласьці Расеі