Пра гэта піша выданьне katolik-life.
Афіцыйна пра гэта не паведамлялася, аднак гэта было вядома ў колах духавенства. Цяпер зьявілася пацьверджаньне: у публікацыі на сайце Catholic.by аб рэкалекцыях для біскупаў пінская сэмінарыя, у якой прайшлі духоўныя практыкаваньні, названая «былой».
Таксама на сайце Пінскай дыяцэзіі пазначана, што ў 2024 годзе сэмінарыя прыпыніла дзейнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчаюць цэрквы, даносяць у прыходах, кідаюць за краты. Як у Беларусі ціснуць на сьвятароўІмаверна, што гэта стала першым сур’ёзным наступствам перарэгістрацыі рэлігійных аб’яднаньняў, арганізаванай беларускай дзяржавай, адзначае katolik-life. Раней некаторыя сьвятары выказвалі меркаваньне, што сэмінарыя «не перажыве» перарэгістрацыю. Паводле заканадаўства, арганізацыі, якія ня могуць прайсьці перарэгістрацыю, павінныя быць ліквідаваныя.
Апошнім часам студэнтаў у пінскую сэмінарыю не набіралі, а яе памяшканьні выкарыстоўвалі для правядзеньня рэкалекцый ды іншых сустрэч.
Глябальнай прычынай, якая прывяла да прыпыненьня дзейнасьці сэмінарыі, магла быць невялікая колькасьць ахвотных стаць каталіцкімі сьвятарамі. Хоць сёлета абітурыентаў было значна больш, чым у папярэднія гады.
Рэформу падрыхтоўкі да сьвятарства ў Беларусі абвясьцілі ў 2018 годзе, калі пінская сэмінарыя страціла статус міждыяцэзіяльнай.
Такім чынам, цяпер у Беларусі засталася адна каталіцкая сэмінарыя — Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная сэмінарыя ў Горадні.
Пінскую сэмінарыю заснаваў у 1925 годзе біскуп Зыгмунт Лазінскі. Яна дзейнічала да 1939 году. Нанава сэмінарыю адкрылі ў 2001 годзе дзякуючы намаганьням кардынала Казіміра Сьвёнтэка.