Камітэт у замежных справах парлямэнту Чэхіі прыняў рэзалюцыю па Беларусі

Пікет у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, архіўнае фота

Чэскія дэпутаты заклікалі рэжым Лукашэнкі вызваліць палітвязьняў. Таксама яны ня бачаць перадумоў для празрыстых і дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

У рэзалюцыі па Беларусі чэскага парлямэнту гаворыцца пра патрабаваньне вызваліць палітвязьняў. У дакумэнце адзначана, што прыняць яго рэкамэндаваў падкамітэт падтрымкі дэмакратыі і правоў чалавека ў замежным камітэце парлямэнту, і прыняцьцё адбылося пасьля абгрунтаваньня хадайніка Хаята Акамуры і дэбатаў.

Рэзалюцыя заклікае:

  • дзейныя ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць з турмы ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру і прэміі Вацлава Гавэла Алеся Бяляцкага;
  • вызваліць 1300 іншых палітычных зьняволеных, несправядліва пазбаўленых волі за іх мірную дзейнасьць на карысьць дэмакратыі і павагі да правоў чалавека ў сваёй краіне;
  • спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Рэспубліцы Беларусь і спыніць перасьлед дэмакратычна настроеных апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў выгнаньні;
  • падкрэсьлівае, што правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў, абвешчаных на 26 студзеня 2025 году ў Рэспубліцы Беларусь, у цяперашніх умовах непрымальнае, а вынікі гэтых выбараў ня могуць лічыцца законнымі, пакуль несправядліва знаходзяцца ў зьняволеньні кандыдаты зь мінулых прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году.

Раней падкамітэт па прасоўваньні дэмакратыі і правоў чалавека за мяжой прыняў пастанову, у якой рэкамэндаваў Камітэту замежных справаў прыняць пастанову аб падтрымцы жанчын — палітычных зьняволеных рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі рэпутацыя асноўнага парушальніка правоў чалавека». Анаіс Марэн выступіла з апошнім дакладам у ААН
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія выдаткавала на закуп расейскай нафты і газу ў разы больш, чым на вайсковую дапамогу Ўкраіне, — аналітыкі CSD