Сейм Літвы забараніў удзел пастаўшчыкоў зь Беларусі ў стратэгічных дзяржаўных закупках

Пасяджэньне ў Сейме Літвы, ілюстрацыйнае фота

7 лістапада Сейм Літвы прыняў папраўкі ў закон, якія забараняюць пастаўшчыкам, што працуюць у «недружалюбных» Літве дзяржавах (да якіх адносяць і Беларусь), удзельнічаць у дзяржаўных закупках у сфэрах абароны, бясьпекі, воднай гаспадаркі, энэргетыкі, транспарту і паштовых паслуг, паведамляе партал Delfi.

У трэцім чытаньні за папраўкі да законаў аб дзяржаўных закупках у сфэры абароны і бясьпекі, а таксама да законаў аб закупках у сфэрах воднай гаспадаркі, энэргетыкі, транспарту і паштовых паслугаў, прагаласавалі 78 дэпутатаў, 6 устрымаліся, супраць не галасаваў ніхто.

Паводле распрацоўніцы праекту Евы Пакарклітэ, пасьля прыняцьця законапраектаў пастаўшчыкі, якія ўдзельнічаюць у дзяржзакупках, павінныя «спыніць камэрцыйную дзейнасьць у дзяржаве-агрэсары або зоне яе ўплыву, якая садзейнічае папаўненьню яе бюджэту ў форме падаткаў».

Паводле зьвестак Пакарклітэ, за 2023 год такіх кампаній-пастаўшчыкоў налічвалася 140. Гэта кампаніі, якія працуюць у Беларусі, Расеі і анэксаваным Крыме, у непадкантрольным ураду Малдовы Прыднястроўі, а таксама ў непадкантрольных ураду Грузіі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы падтрымаў у першым чытаньні дэнансацыю пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы ў мытнай справе