Падчас сустрэчаў Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала пытаньні вызваленьня палітвязьняў, пагрозы незалежнасьці, выдачы візаў і легалізацыі, непрызнаньня вынікаў выбараў 2025 году, а таксама неабходнасьць падтрымкі культуры і незалежных мэдыя ў Беларусі.
Таксама яна абмеркавала далейшыя крокі супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасьцю і структурамі Рады Эўропы.
Падсумоўваючы для Радыё Свабода вынікі візыту, старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка сказаў пра стварэньне Інфармацыйнага офісу Рады Эўропы па Беларусі ў Вільні. 6 лістапада Камітэт міністраў Рады Эўропы прагаласаваў за гэтае рашэньне, цяпер чакаецца галасаваньне ў Сейме Літвы.
«Ціханоўская таксама прапанавала запусьціць праграму мікрагрантаў для незалежных журналістаў і мэдыя. Падрыхтаваны і прыняты шэраг рэзалюцыяў, у тым ліку ў падтрымку палітычных вязьняў і з асуджэньнем рэпрэсіяў, а таксама ў падтрымку легалізацыі беларусаў за мяжой. Вельмі важная рэч — запуск праграмы стажыровак для беларусаў у Радзе Эўропы. Гэта беспрэцэдэнтнае рашэньне, бо Беларусь не зьяўляецца фармальным сябрам арганізацыі. А таксама ўпершыню беларуская дэлегацыя ад Каардынацыйнай рады афіцыйна возьме ўдзел у сэсіі ПАРЭ напрыканцы студзеня».
Падчас візыту ў Страсбур Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з дэлегацыяй беларускіх журналістаў (каля 15 СМІ), якія знаходзяцца ў Страсбуры ў рамках праграмы кантактнай групы.
Вечарам 6 лістапада ў Палацы Эўропы Ціханоўская адкрыла выставу выцінанак і вырабаў з паперы „Папяровая рэвалюцыя“, створаную беларускімі мастакамі ў супрацы з аўстрыйскай і літоўскай дэлегацыямі ў Радзе Эўропы.
На гэтым тыдні Літва завяршае сваё старшынства ў Радзе Эўропы. У адкрыцьці выставы ўзялі ўдзел каля 15 паслоў, а таксама парлямэнтары, журналісты і актывісты.
Рада Эўропы аб’ядноўвае ўрады 46 краін, а ПАРЭ ўключае 612 дэпутатаў парлямэнтаў з гэтых краін (306 асноўных і 306 запасных).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: «У нас ёсьць кантакты з прадстаўнікамі Дональда Трампа» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі рэпутацыя асноўнага парушальніка правоў чалавека». Анаіс Марэн выступіла з апошнім дакладам у ААН