У Менску па стане на 2024 год, калі Беларусь ужо траціну стагодзьдзя як сувэрэнная дзяржава, удвая больш вуліц, названых у гонар савецкіх і расейскіх вайскоўцаў, чым у гонар беларускіх дзеячоў навукі і культуры. Назваў у гонар расейскіх дзеячоў навукі і культуры, якія ня маюць ніякага дачыненьня да Беларусі, таксама ўдвая больш, чым назваў у гонар беларускіх навукоўцаў і дзеячоў культуры — нават самых палітычна нэўтральных і бяскрыўдных.
Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчаць вынікі дасьледаваньня, якое я зрабіў пры падтрымцы калегаў з Геральдычнай рады «Пагоня». Што паказала гэтае дасьледаваньне?
Двухмільённы Менск як расейскае гарнізоннае мястэчка
Мы прааналізавалі больш за 1300 тапанімічных аб’ектаў Менску: у гонар чаго гэтыя аб’екты названыя і ці не патрабуюць яны перайменаваньня. Сярод больш як 1300 назваў на карце Менску ёсьць толькі тры (!) ў гонар беларускіх дзяржаўных дзеячоў, якія не былі савецкай намэнклятурай. Гэта Леў Сапега, Браніслаў Тарашкевіч і Кастусь Каліноўскі — пры тым, што назва вуліцы Каліноўскага знаходзіцца пад пагрозай з прычыны актыўнасьці РПЦ і расейскіх нацыяналістаў. Назваў у гонар адметных падзеяў несавецкай гісторыі Беларусі — толькі адна (!), дый тая — праспэкт Незалежнасьці.
У гонар асобаў і падзеяў гісторыі Расеі — дваццаць тры назвы. Тут вам і Барадзінская бітва, і Іван Балотнікаў (памятаеце паўстаньне?), і Валачаеўская бітва. Назваў у гонар геаграфіі Расеі — 68 (зноў больш, чым у гонар беларускіх навукоўцаў і дзеячоў культуры). Назваў у гонар расейскіх камуністычных дзеячоў — 73; у той час, як у гонар камуністычных дзеячоў, але хаця б сваіх, беларускіх, — толькі 42.
Тапаніміка Менску, сапраўды, больш пасуе расейска-савецкаму гарнізоннаму мястэчку, чым сталіцы сувэрэннай дзяржавы. І пытаньне пра перайменаваньне вуліцаў і плошчаў — як у Менску, так і ў іншых гарадах — безумоўна, павінна паўстаць перад беларускім грамадзтвам пасьля аднаўленьня законнасьці і дэмакратыі. Гэта неабходна зьмяняць, і некалі прыйдзе час для гэтага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік беларускай рэвалюцыі. На новых сьцягах — спрадвечныя назвыНазвы вуліц і помнікі — гэта прапаганда
Ушанаваньне выбітных асобаў і падзеяў у выглядзе назваў вуліц або ўсталяваньня помнікаў — адна з найважнейшых праяваў ідэнтычнасьці гораду, краіны і народу, які іх насяляе. Гэтыя сымбалі ня проста адзначаюць пэўныя моманты гісторыі ці пэўных асобаў на пэўнай геаграфічнай прасторы. Яны фармуюць агульнае ўспрыняцьце людзьмі сябе, сваіх каштоўнасьцяў і сваёй гісторыі, фармуюць гарадзкую атмасфэру, гарадзкі дух — і, адпаведна, фармуюць дух людзей, якія жывуць на гэтых вуліцах і ходзяць міма гэтых помнікаў.
У беларускіх гарадах, у тым ліку ў Менску, гарадзкая прастора дагэтуль вызначаецца духам савецкага таталітарнага рэжыму і расейскага імпэрскага панаваньня. Гэта вынік сьвядомай і мэтанакіраванай ідэалягічнай палітыкі савецкага рэжыму і рэжыму Лукашэнкі як ягонага спадкаемца і пераемніка.
Першае і галоўнае месца ў тапанімічным ляндшафце Менску займаюць чужынскія, замежныя для Беларусі гераізаваныя вобразы, у той час калі Беларусь, па-першае, адсунутая на другі плян, а па-другое, прадстаўленая вобразамі апалітычнымі, бяскрыўднымі, безабароннымі.
Менчукам на падсьвядомым узроўні закладаецца, што героямі ёсьць Ленін, Дзяржынскі, Фрунзэ, Кнорын, Мясьнікоў і расейскія палкаводцы. А беларускія героі калі і ёсьць, дык гэта перадусім альбо савецкая намэнклятура, альбо малавядомыя савецкія генэралы, якія служылі таталітарнаму рэжыму, пагарджалі ідэяй незалежнасьці Беларусі і апошняе ў сваім жыцьці слова на беларускай мове сказалі ў лепшым выпадку на выпускным іспыце ў вясковай школе-сямігодцы.
Вуліц у гонар расейскіх камуністаў у Менску больш, чым у гонар беларускіх камуністаў, бо расейскія камуністы галоўныя, а беларускія — другасныя. Вуліц у гонар расейскіх вайскоўцаў у Менску больш, чым у гонар вайскоўцаў-беларусаў на службе савецкага рэжыму, бо расейскія вайскоўцы галоўныя, а беларускія — другасныя.
Прапаганда і індактрынацыя менавіта так і працуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не нясуць у сабе аніякага сэнсу». Жыхары Астраўца стварылі пэтыцыю супраць назваў новых вуліц, прапанаваных уладаміЯк прайшла дэкамунізацыя ў суседзяў
Праз дэкамунізацыю і дэкалянізацыю грамадзкай прасторы пасьля падзеньня савецкага рэжыму прайшлі ўсе без выключэньня суседзі Беларусі. У тым ліку, хоць і не да канца пасьлядоўна, гэта адбылося ў Расеі, дзе былі перайменаваныя некалькі гарадоў-мільёньнікаў, у тым ліку цэлы Санкт-Пецярбург, і дзе ў цэнтры Масквы быў створаны парк-музэй для савецкіх помнікаў (адкуль гэтыя помнікі, праўда, цяпер пачынаюць патроху «распаўзацца» назад па сваіх старых месцах).
Перайменаваньні каляніяльных вуліцаў і дэмантаж помнікаў у суседніх зь Беларусьсю краінах працягваецца і цяпер: сьвежыя прыклады ёсьць ва Ўкраіне і ў Латвіі. Я перакананы, што Ўкраіна вымушаная цяпер змагацца супраць расейскага імпэрыялізму са зброяй у руках у тым ліку і таму, што перад гэтым недастаткова пасьлядоўна змагалася супраць ягонай «мяккай сілы» — у тым ліку і супраць духу савеччыны ў грамадзкай прасторы сваіх гарадоў.
У Беларусі гэты працэс практычна не пачынаўся. Адзіныя заўважныя выпадкі вяртаньня гістарычных назваў мелі месца на пачатку 1990-х гадоў. Асабліва яскравым прыкладам стала Маладэчна пад кіраўніцтвам Генадзя Карпенкі — выбітнага палітыка-дэмакрата, які нават ня быў у БНФ, але ажыцьцявіў дэсаветызацыю цэлага гораду. У 1999 годзе Карпенка, адзін з найбольш небясьпечных для Лукашэнкі апазыцыянэраў, памёр пры нявысьветленых абставінах, і ягоную сьмерць усё часьцей ставяць у адзін шэраг са зьнікненьнямі Захаранкі, Ганчара, Красоўскага. Генадзя Карпенкі больш няма, а Вялікі Гасьцінец замест праспэкту Леніна ў Маладэчне — ёсьць.
Праціўнікі дэкамунізацыі кажуць, што савецкія помнікі — наша гісторыя. Але месца такой гісторыі — у гістарычным або мастацкім музэі.
На вуліцы, на мапе гораду павінна быць месца не савецкай ідэалёгіі, а перадусім гістарычным назвам: Нізкі Рынак замест плошчы 8 Сакавіка, вуліца Лютаранская замест вуліцы Волаха, Малая Бэрнардынская замест вуліцы Герцэна, Вялікая Татарская замест завулку Дзімітрава, і многія іншыя. Ёсьць больш за 80 менскіх тапанімічных аб’ектаў, якім можна вярнуць палітычна нэўтральную спрадвечную назву, адрадзіўшы хаця б у тапаніміі старажытную гісторыю шматкроць разбуранага і перабудаванага Менску.
У цэнтры Лёндану ці Бэрліну ёсьць месцы, дзе банкіры ў дарагіх кашулях п’юць каву перад шклянымі сучаснымі офісамі, адрас якіх перакладаецца як «Канарэйчын прычал» ці «Жандарскі рынак», хоць там даўно няма ані прычалу, ані канарэек, ані кірасіраў-жандараў. Кірасіраў няма, але жывая гісторыя ёсьць.
Ды што Лёндан ці Бэрлін — у Маскве ёсьць Мясьніцкая, Трубная, Махавая, «Паляўнічыя гандлёвыя рады» (Охотный ряд); у Пецярбургу — Сянная плошча, Ліцейны праспэкт, Малая і Вялікая Канюшанныя і так далей. Але паводле посткаляніяльнай лёгікі атрымліваецца, што тое, што можна Маскве і Пецярбургу, таго нельга старэйшаму за іх Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Збліжэньне з Масквой». Чаму ў дзесяціклясьнікаў забіраюць гісторыю БеларусіДумаць пра дэкамунізацыю ніколі ня позна
Ці ёсьць сэнс займацца пытаньнем дэкамунізацыі Беларусі зараз, калі пэрспэктыва зьмены ўлады ў Беларусі выглядае цьмяна, калі побач зь Беларусьсю ідзе вайна, а ў самой Беларусі — палітычны тэрор і сотні палітвязьняў?
Я лічу, што так. Цяпер час для таго, каб ствараць напрацоўкі, канцэпцыі, якія былі б запатрабаваныя ў Беларусі пасьля вяртаньня дэмакратыі і вяршэнства закону. У той час у будучыні, калі зьявіцца рэальная магчымасьць заняцца дэкамунізацыяй на практыцы, для гэтага можа ня быць ані рэсурсаў, ані часу. Таму падмурак, асновы для гэтага лепш мець ужо цяпер.
З дасьледаваньнем «Дэкамунізацыя: Менск. Практычны аналіз і прапановы» можна азнаёміцца тут.
У выглядзе слайдаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.