Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу ў дачыненьні да арганізаванай злачыннай групы, якая стварыла канал незаконнай міграцыі з Сырыі ў Заходнюю Эўропу празь Беларусь і Расею, паведаміла 6 лістапада прэс-служба ведамства.
Паводле расейскага СК, праз гэты канал у Заходнюю Эўропу трапілі сама меней 140 грамадзян Сырыі.
Сьцьвярджаецца, што мігранты траплялі на тэрыторыю Расеі «шляхам унясеньня за грашовую ўзнагароду фіктыўных зьвестак адносна мэты ўезду». Далей іх перапраўлялі ў Эўразьвяз. Пры гэтым выручка арганізатараў і ўдзельнікаў схемы склала некалькі мільёнаў расейскіх рублёў.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь. Так, напрыклад, 27 кастрычніка 2023 году, камэнтуючы плыні нелегальнай міграцыі зь Беларусі ў краіны ЭЗ, Лукашэнка заявіў: «Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць ня будзем. Тым больш вы (краіны Захаду. — РС) іх паклікалі. Няхай ідуць».
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча збудавалі сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. Урады спачатку Літвы, а потым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў сумежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў.
- Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны ЭЗ. Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- Паводле стану на 3 лістапада, з пачатку 2024 году суседнія зь Беларусьсю краіны Эўразьвязу папярэдзілі 34 367 спробаў пранікненьня мігрантаў зь Беларусі (Польшча — 28 412 спробы, Латвія — 5094, Літва — 861). Гэта на 12,1% менш, чым за аналягічны леташні пэрыяд — 39 110, сьведчыць аналіз зьвестак памежных ведамстваў, які праводзіць «Позірк».