МУС Беларусі і Ўзбэкістану абмеркавалі барацьбу з «экстрэмізмам» і дамовіліся пашырыць супрацу ў выдачы грамадзян у вышуку

Першы намесьнік кіраўніка МУС Узбэкістану Шаўкат Рахмонаў (зьлева) і намесьнік кіраўніка МУС Беларусі Генадзь Казакевіч падчас сустрэчы 5 лістапада ў Горадні

Прадстаўнікі МУС Беларусі і Ўзбэкістану абмеркавалі магчымасьці пашырэньня супрацоўніцтва — у тым ліку ў справе выдачы грамадзян, якія знаходзяцца ў вышуку, паведамляе МУС Беларусі.

Падчас паседжаньня беларуска-ўзбэцкай міжведамаснай каардынацыйнай працоўнай групы МУС дзьвюх краін, якое прайшло 5 лістапада ў Горадні, гаворка ішла пра абмен апэратыўнай інфармацыяй пра злачынствы і грамадзян, якія ўцяклі ад крымінальнага перасьледу, зьніклых бязь вестак, каналы наркатрафіку, а таксама пра асобаў, якія займаюцца гандлем людзьмі, кантрабандай зброі, наркотыкаў.

Як зазначаецца ў паведамленьні беларускага МУС, начальнік крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Генадзь Казакевіч заявіў, што для краіны зараз асабліва актуальная барацьба «з новымі выклікамі».

«Найперш гэта экстрэмізм і тэрарызм, якія яшчэ нядаўна не былі характэрныя для нашай краіны. Іншая значная праблема — кібэрзлачынствы», — сказаў Казакевіч.

  • Праваабаронцам вядома пра дзясяткі выпадкаў, калі беларусаў, якіх перасьледавалі з палітычных матываў, затрымлівалі ў Расеі і іншых краінах СНД (у лік якіх уваходзіць Узбэкістан) і экстрадавалі ў Беларусь, нягледзячы на пагрозу катаваньняў і забароны Эўрапейскага суду.
  • Сёлета 23–24 кастрычніка ў межах міждзяржаўнай апэрацыі «Вышук» у краінах СНД затрымалі больш за 300 чалавек, абвешчаных у вышук у Беларусі, зь іх больш за 140 — у Расеі.
  • 3 кастрычніка на сустрэчы з армянскай калегай Аннай Вардапэт’ян генпракурор Беларусі Андрэй Швед абмеркаваў пытаньне выдачы беларусаў, абвінавачаных і асуджаных у крымінальных справах, пасьля чаго стала вядома, што Генпракуратура Армэніі прыняла рашэньне выдаць грамадзяніна Беларусі Ўладзімера Баландзіна. Праўда, дзякуючы намаганьням адвакатаў і праваабаронцаў Служба міграцыі і грамадзянства МУС Армэніі вырашыла даць Уладзімеру Баландзіну статус уцекача, таму экстрадыцыя з Армэніі больш яму не пагражае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генпракуратуры Беларусі расказалі, якія эўрапейскія краіны выконваюць запыты аб выдачы беларусаў