Вынесьлі першы вырак за «адмаўленьне генацыду беларускага народу»

Менскі суд. Архіўнае фота

У Менскім гарадзкім судзе 30 кастрычніка вынесьлі першы прысуд у Беларусі за «адмаўленьне генацыду беларускага народу» (ч. 1 арт. 130-2 КК).

Як піша «Вясна», 55-гадовага тынкара зь Менскага раёна Андрэя Савіцкага асудзілі на 3 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, абвінаваціўшы яшчэ ў «абразе» Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Падставай для перасьледу сталі пасты ў «Аднаклясьніках» пра Хатынь і Лукашэнку.

Вядома, што мужчыну затрымалі ў лютым і зьмясьцілі пад варту. Затрыманьне рабілі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і САХРу.

«У сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народу з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі», — сьцьвярджаў МУС пасьля затрыманьня.

Прысуд вынес судзьдзя Яўген Пісарэвіч, які неаднаразова разглядаў палітычна матываваныя справы.

Працэс над Андрэем Савіцкім паводле артыкулу аб генацыдзе — першы з часу прыняцьця ў студзені 2022 году закону «Аб генацыдзе беларускага народу».

У грамадзтве і паміж беларускімі гісторыкамі працягваюцца спрэчкі адносна некаторых фактаў Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі і вызначэньня гэтых фактаў як генацыду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі заявіла пра першае затрыманьне за «адмаўленьне генацыду беларускага народа»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратуры Беларусі і Расеі абмеркавалі расьсьледаваньне «генацыду савецкага народа»