Грузінская апазыцыя абвясьціла пра пачатак штодзённых пратэстаў

Падчас пратэсту ў Тбілісі 4 лістапада 2024

Ад сёньняшняга дня акцыі грузінскай апазыцыі будуць штодзённымі. Пра гэта заявіў адзін зь лідэраў «Кааліцыі за перамены» Ніка Мелія на мітынгу каля будынку парлямэнту Грузіі ў Тбілісі.

Удзельнікі мітынгу пратэстуюць супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў 26 кастрычніка, якія яны лічаць сфальшаванымі. У фальсыфікацыях абвінавачваюць кіраўнічую партыю «Грузінская мара» мільярдэра Бідзіны Іванішвілі, якая была абвешчаная пераможцам на выбарах.

Арганізатарамі акцыі пратэсту выступілі «Кааліцыя за перамены» мэдыямэнэджара Нікі Гвараміі, «Адзіны нацыянальны рух» зьняволенага былога прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі і «Моцная Грузія» бізнэсоўца Мамукі Хазарадзэ.

Пратэсты падтрымала прэзыдэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі. Яна абвінаваціла «Грузінскую мару» ў «крадзяжы выбараў» і сфармулявала патрабаваньні апазыцыі: правядзеньне міжнароднага расьсьледаваньня парушэньняў падчас галасаваньня і арганізацыя новых парлямэнцкіх выбараў пад кантролем міжнароднай адміністрацыі, а не «мясцовай ЦВК, якая не заслугоўвае даверу».

Кіраўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады краіны — прэм’ер-міністар Іраклі Кабахідзэ і старшыня парлямэнту Шалва Папуашвілі — ужо адкінулі гэтыя патрабаваньні. Яны заявілі, што першае паседжаньне новаабранага парлямэнту адбудзецца ў канцы лістапада, нават калі кіраўніца дзяржавы адмовіцца прызначыць сваім указам пленарнае паседжаньне, як гэта прадугледжана Канстытуцыяй. У партыі «Грузінская мара» адкідаюць любыя абвінавачаньні ў фальсыфікацыях.

Згодна з афіцыйнымі вынікамі выбараў, «Грузінская мара» набрала 53,9% галасоў, атрымаўшы 79 месцаў у 150-месцавым парлямэнце. Вынік у партыі вышэйшы, чым на папярэдніх выбарах, але яна страціла адзін мандат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грузія рухаецца ў беларускім кірунку, а Беларусь можа раней за яе далучыцца да Эўразьвязу», — брытанскі аналітык Эдвард Лукас
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грамадзяне Малдовы мэнтальна ўжо даўно ў Эўропе», — малдоўская экспэртка Ібрагімава пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў