Славацкі прэзыдэнт адхіліў усе просьбы грамадзян далучыцца да ўкраінскага войска

Пэтэр Пэлeгрыні

Прэзыдэнт Славаччыны Пэтэр Пэлегрыні з моманту ўступленьня на пасаду ў чэрвені адхіліў звароты ўсіх чатырох грамадзянаў, якія плянавалі далучыцца да Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ).

Пра гэта славацкаму агенцтву TASR паведамілі ў канцылярыі кіраўніка дзяржавы.

Служба ў замежнай арміі бяз згоды прэзыдэнта ў Славаччыне — крымінальнае злачынства, за якое вінаватаму пагражае турма. Адно з адхіленых дзейным прэзыдэнтам прашэньняў было пададзенае яшчэ яго папярэдніцы Зузане Чапутавай, але яна не пасьпела яго разгледзець. Сама яна выдала некалькі такіх дазволаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На прэзыдэнцкіх выбарах у Славакіі перамог Петэр Пелегрыні, які выступае супраць ваеннай дапамогі Ўкраіне

Пэлегрыні ў мінулым падтрымліваў вайсковую дапамогу Ўкраіне, але падчас перадвыбарнай кампаніі заявіў, што канфлікт аказаўся невырашальны на полі бою. Ён выступіў за мірныя перамовы і заяўляў, што ягоны супернік на выбарах Іван Карчок хоча ўцягнуць краіну ў вайну з Расеяй.

Перад другім турам выбараў па ўсёй Славаччыне зьявіліся рэклямныя шчыты з партрэтам Пэлегрыні і надпісам: «Славаччына не адправіць ва Ўкраіну ніводнага салдата».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Славаччыны ня згодны на ўступленьне Ўкраіны ў NATO

Славаччына — парлямэнцкая рэспубліка. Лідэр партыі, якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах, прэм’ер-міністар Робэрт Фіца неаднаразова заяўляў, што выступае за мірнае вырашэньне канфлікту.

Славаччына, якая адправіла Ўкраіне артылерыйскія сыстэмы, зьнішчальнікі МіГ-29 і зэнітныя комплексы С-300, пасьля перамогі Фіца перастала перадаваць зброю Кіеву бязвыплатна. Аднак улады не перашкаджаюць камэрцыйным продажам узбраеньняў і боепрыпасаў.