«ПіК Свабоды».«У Беларусі выбары — як у „ДНР“ і „ЛНР“», — Саша Філіпенка пра выбары ў ЗША, кампанію ў Беларусі і падставы для аптымізму

Пісьменьнік Саша Філіпенка. Пьеса паводле ягонага раману «Крэмулятар». Ілюстрацыйны каляж

Што адбываецца, калі заключаеш угоду з рэжымам і вяртаесься на радзіму. Пра актуальнае гучаньне рамана Сашы Філіпенкі для беларусаў пагаворым з самім пісьменьнікам. Спэктакль паводле «Крэмулятара» неўзабаве пакажуць у Празе.

Пісьменьнік лічыць, што зьмены ў Беларусі зробяць людзі, якія жывуць у Беларусі, а таксама гаворыць пра тое, як могуць паўплываць на сытуацыю ў Беларусі вынікі выбараў у ЗША.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Саша, ваш раман «Крэмулятар» атрымаў прэстыжную францускую прэмію Transfuge як найлепшы эўрапейскі раман 2023 году. Гэта гісторыя пра белагвардзейскага лётчыка-афіцэра Пятра Несьцярэнку, які пасьля доўгіх пакут эміграцыі пачатку XX стагодзьдзя ўступае ва ўгоду з cаветамі і вяртаецца на радзіму. Калі я чытала раман у 2022 годзе, такой выразнай сувязі зь беларускай сытуацыяй тады не адчула, але цяпер яна проста відавочная на фоне камісій па вяртаньні, заяваў Васкрасенскага, арыштаў людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы, паверыўшы абяцаньням уладаў. Ці разумелі вы, працуючы над раманам, як ён можа адгукацца беларускім чытачам у будучыні?

— Так. Было зразумела, што гэта не на месяц, не на два, што будзе пытаньне вяртаньня дадому. На жаль, у нас шмат агульнага з Расеяй і расейскай гісторыяй. Калі пішаш пра тое, што адбывалася ў Савецкім Саюзе... А Несьцярэнка таксама быў і ў Беларусі. Гэта невялікая частка яго жыцьця, але гэта частка яго жыцьця. Канечне, ты ня можаш пра ўсё думаць, ці будзе ўсё гэта адбывацца зноў, але мы бачым, што заўсёды ўсё адбываецца зноў і зноў у нашай гісторыі.

— Цяпер так званая камісія па вяртаньні масава рассылае беларусам за мяжой прапановы вярнуцца ў Беларусь і зьвярнуцца ў камісію. Ці прыходзіла да вас такое «запрашэньне»?

— Супраць мяне заведзеная крымінальная справа, таму гэтае запрашэньне будзе — за краты. Зразумела, што калі я паеду, дык толькі за краты.

— Для нашай аўдыторыі было б важна пачуць вашую думку пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі ў сувязі з абвешчанымі на 26 студзеня выбарамі прэзыдэнта, якія пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар і якія ўпершыню праходзяць без рэальных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Сёньня маюць быць зарэгістраваныя групы ягоных спойлераў. Як вы гледзіце на ўсё гэта як пісьменьнік, як грамадзкі дзяяч?

— Мы разумеем, што няма ніякіх выбараў. Гэта будзе акцыя, падобная да таго, што адбываецца ў «ДНР» і «ЛНР». Гэта адбудзецца хутка, і ўвечары мы даведаемся, што ён зноў будзе называць сябе прэзыдэнтам, хоць, канечне, ён ніякі не прэзыдэнт. Менавіта так, як гэта адбываецца ў «ДНР» і «ЛНР», гэта будзе адбывацца ў Менску, у Беларусі...

Я для сябе вырашыў, што я раблю гэты фатаздымак эпохі, пішу пра тое, што адбываецца, як я гэта адчуваю, як я гэта бачу. І пішу пра гэта такім чынам, каб пра гэта прачыталі і празь дзесяць, і праз дваццаць гадоў, і гэта было цікава людзям. Актывістам трэба ўвесь час шукаць плян А, плян Б, але мне падаецца, што ўсё ж зараз зьмены ў Беларусі будуць рабіць людзі, якія жывуць у Беларусі. У гэтым сэнсе мне ня вельмі падабаецца, калі нейкія палітыкі, якія знаходзяцца ў Эўропе, расказваюць, што будуць рабіць, калі яны прыедуць у Беларусь, як яны будуць гэта рабіць. І не запытваюцца ў саміх беларусаў, якія там засталіся і жывуць, як тыя сябе адчуваюць, якія ў іх праблемы, якое пытаньне для іх першае стаіць — заробку, свабоды ці мовы. Мне падаецца, гэтая сувязь даволі дрэнная зараз.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.