Як літоўскі палітык з групай фэрмэраў езьдзіў на экскурсію ў Беларусь

Беларуска-літоўская мяжа

Чалец гарадзкой рады Салечніцкага раёну Літвы Тадэвуш Рудзіс паехаў у Беларусь з групай фэрмэраў, паколькі хацеў агледзець трактарны завод.

Пра гэта паведамляе партал Delfi.

«Фэрмэры Салечніцкага раёну, атрымаўшы авансавыя плацяжы за дэкляраваныя зямельныя ўчасткі ад Літвы і ЭЗ, зьмястоўна правялі час і патрацілі атрыманыя грошы ў Беларусі ў незаконнага прэзыдэнта гэтай краіны Аляксандра Лукашэнкі на Менскім трактарным заводзе. Фэрмэры Салечніцкага раёну паехалі ў краіну, дзе за кратамі знаходзіцца больш за 1000 палітычных зьняволеных, у іх ліку і вядомы праваабаронца, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году Алесь Бяляцкі, у краіне, якая падтрымлівае вайну ва Ўкраіне», — цытуе партал ліст свайго чытача.

Рудзіс сказаў, што фэрмэры проста хацелі агледзець трактарны завод, езьдзілі з уласнай ініцыятывы, зь беларускімі палітыкамі не размаўлялі. «Людзі хацелі зьезьдзіць і паглядзець. Былі ў Фінляндыі і падумалі, а якая сытуацыя ў Беларусі? Ведаеце, шчыра скажу, сытуацыя не такая, як мы думалі. Завод тамака стары, нам ня вельмі спадабаўся», — расказаў палітык. Ён нават не падумаў, што паездка ў Беларусь стварае нейкую небясьпеку. «Пра палітыку мы ні з кім не гаварылі», — сказаў Рудзіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Freedom House: спробы спэцслужбаў Беларусі завэрбаваць літоўскіх дыпляматаў былі марнымі

Літоўскія ведамствы неаднаразова папярэджвалі жыхароў і раілі ня езьдзіць у Беларусь. «Калі вам здаецца, што літоўскія ведамствы перагінаюць кій, узгадайце, што ёсьць грамадзяне Літвы, якія па палітычных абвінавачаньнях знаходзяцца ў беларускіх турмах, а ехалі яны туды наведаць блізкіх ці магілы сваякоў. Адзін грамадзянін Літвы памёр у беларускай турме. Мы ведаем па ліпеньска-жнівеньскіх падзеях, калі быў затрыманы грамадзянін Нямеччыны толькі таму, што Лукашэнка хацеў дагадзіць Крамлю, ён абвінаваціў гэтага чалавека ў розных выдуманых злачынствах і прыгаварыў да сьмяротнага пакараньня. Гэта насамрэч сур’ёзная падстава для таго, каб ня ехаць у Беларусь, незалежна ад таго, было гэта на афіцыйнае запрашэньне ці не», — сказаў выкладчык Інстытуту міжнародных адносін і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту, кіраўнік віленскага офісу Freedom House Віціс Юрконіс.

Ён заўважыў, што ў Беларусі ніхто ня можа гарантаваць бясьпеку чалавека — ні літоўскія, ні беларускія ведамствы, ні той, хто вас запросіць, калі такі чалавек ёсьць. «Калі менскаму рэжыму падасца, што ваш арышт выгадны, выгадна зрабіць вас закладнікам, ён гэта зробіць. І тут ніхто не дапаможа, гэта не прававая дзяржава», — заўважыў палітоляг. Паводле яго, кожны такі візыт выкарыстоўвае і беларуская прапаганда і неабавязкова адразу падчас візыту. «Мы чуем галасы аб тым, што, быць можа, трэба перазагрузіць адносіны, што гэта суседзі. Усё гэта намаганьні рэжыму зьмяніць курс зьнешняй палітыкі ня толькі Літвы, але і ЭЗ», — сказаў Юрконіс.