У Варшаве ў справе аб крадзяжы аўтамабіляў затрымалі беларуса

Супрацоўнік польскай паліцыі. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзян Беларусі і Ўзбэкістану вінавацяць у выкраданьні аўтамабіляў, замене іх VIN і рэгістрацыйных нумароў.

У Варшаве ў справе аб выкраданьні машын затрымалі 32-гадовага беларуса. Ён некалькі месяцаў быў у вышуку ў справе аб аўтакрадзяжах, паведамляе паліцыя прыгарада Варшавы Атвоцка Мазавецкага ваяводзтва.

Паведамляецца, што беларус падчас допыту не хацеў называць месца, дзе хаваўся апошнія некалькі тыдняў. Аднак паліцыянты знайшлі кватэру ў Варшаве, дзе падчас ператрусу выявілі нямецкія нумарныя аўтамабільныя знакі, чужыя дакумэнты, банкаўскія карты і каля 10 тысяч злотых гатоўкай (2,5 тысячы даляраў).

У гэтай жа кватэры знаходзіўся яшчэ адзін падазраваны, 27-гадовы грамадзянін Узбэкістану. У яго быў аўтамабіль BMW, выкрадзены ў адной з краін Эўразьвязу. Паліцыянты з дапамогай памежнай службы выявілі сьляды ўмяшання ў ідэнтыфікацыйны нумар VIN гэтага BMW.

Беларуса арыштавалі, а ўзбэку выставілі абвінавачаньні ў захоўваньні крадзенай маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы беларусу прысудзілі 34 месяцы зьняволеньня ў шпіёнскай справе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы заявілі пра спыненьне дзейнасьці кібэрдывэрсантаў, якімі кіравалі беларускія і расейскія спэцслужбы