Прыхільніца эўраінтэграцыі Мая Санду перамагла на прэзыдэнцкіх выбарах у Малдове

Мая Санду прымае букет ад прыхільнікаў, якія віншуюць яе зь перамогай на выбарах

Дзейная прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду атрымлівае права на другі тэрмін на пасадзе.

Пасьля другога туру прэзыдэнцкіх выбараў у Малдове, перамогу ў іх сьвяткуе дзейная прэзыдэнтка Мая Санду.

Палітык выступіла перад прыхільнікамі, якія сабраліся ў выбарчым штабе Партыі дзеяньня і салідарнасьці (PAS), ад якой Санду балятавалася.

Раней яе супернік, кандыдат ад партыі сацыялістаў Аляксандар Стаяноглу, заклікаў сваіх прыхільнікаў захоўваць спакой, нягледзячы на папярэднія зьвесткі.

Пасьля апрацоўкі 99,9% пратаколаў Санду атрымала 55,4% галасоў выбарнікаў. За Стаяноглу 44,6%.

Яўка на выбарах склала 54,30%. За мяжой найбольш папулярным участкам стаў маскоўскі, у расейскай сталіцы прагаласавалі 4999 грамадзянаў. Крыху меней у італьянскіх Брэшыі і Падуі і румынскім Бухырэсьце.

Спэцслужбы Малдовы напярэдадні выбараў неаднаразова папярэджвалі пра намеры Масквы ўмешвацца ў працэс правядзеньня выбараў у краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове расьсьледуюць законнасьць працэдуры галасаваньня ў амбасадзе краіны ў Менску

На прэзыдэнцкіх выбарах 1 лістапада 2020 году Мая Санду набрала ў другім туры галасаваньня больш за 943 тысячы галасоў, гэта значыць 57,7%, і ўпершыню стала прэзыдэнткай Рэспублікі Малдова.

Улады ў Кішынёве паведамілі пра пачатак расьсьледаваньня адносна «выбарчых каруселяў». У спэцслужбаў краіны ёсьць падазрэньне, што арганізаваны падвоз грамадзянаў адбыўся як мінімум у трох замежных дзяржавах — Беларусі, Турэччыне і Азэрбайджане. Паведамляецца, што грамадзянаў Малдовы арганізавана дастаўлялі на замежныя выбарчыя ўчасткі самалётамі з Расеі.

Старшыня парлямэнту Малдовы Ігар Гросу адзначыў, што «крымінальныя групоўкі не супакойваюцца», імкнучыся паўплываць на хаду выбараў. Ён выказаў падазрэньне, што самалёты ў Баку, Менск і Стамбул аплаціў алігарх Ілан Шор, прарасейскі палітычны дзеяч, які ўцёк з краіны пасьля выстаўленьня яму крымінальных абвінавачаньняў у антыдзяржаўнай дзейнасьці.

Служба інфармацыйных тэхналёгій і кібэрбясьпекі (STISC) заявіла пра кібэратакі. Установа гаворыць пра скаардынаваныя атакі, заяўляючы, што яны ідуць з «шырокага спэктру рэсурсаў, разьмешчаных у розных дзяржавах па ўсім сьвеце». Паводле інфармацыі СМІ ў Малдове, такія атакі ў сеціве сталі прычынай збояў у працы некаторых выбарчых участкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра двух кандыдатаў, якія змагаюцца за пасаду прэзыдэнта Малдовы

Хто такая Мая Санду

Выпускніца Гарварду і былая супрацоўніца Сусьветнага банку, Мая Санду стала першай жанчынай — прэзыдэнтам Малдовы, здабыўшы пераканаўчую перамогу ў 2020 годзе. Посьпех ёй прынесьлі моцнае праэўрапейскае пасланьне і абяцаньні змагацца з карупцыяй і рэфармаваць судовую сыстэму. Аднак пазьней Санду сутыкнулася з цяжкасьцямі праз праблемы ў эканоміцы, разбуранай каранавіруснай пандэміяй, і з прычыны росту геапалітычнай напружанасьці з Расеяй.

На пасадзе прэзыдэнта Санду адыграла важную ролю ў тым, што ў чэрвені 2022 году Малдова стала кандыдатам у Эўрапейскі Зьвяз. Гэта зрабілася асабліва актуальным пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну некалькімі месяцамі раней.

У сваёй перадвыбарнай кампаніі Санду паабяцала падтрымліваць мір, паляпшаць умовы жыцьця (Малдова — найбяднейшая краіна ў Эўропе) і забясьпечыць уступленьне краіны ў ЭЗ да 2030 году.

Рэфэрэндум аб сяброўстве ў ЭЗ праводзіўся адначасова зь першым турам прэзыдэнцкіх выбараў 20 кастрычніка. Пасьля перамогі зь невялікай перавагай прыхільнікаў эўраінтэграцыі Санду заявіла, што Малдова стала аб’ектам беспрэцэдэнтнага махлярства і што «злачынныя групоўкі» і «замежныя сілы» спрабавалі купіць 300 000 галасоў. Аднак вынікаў аспрэчваць ня стала.