Людзі працягваюць несьці зьнічы і кветкі да чыгуначнага вакзалу ў сталіцы сэрбскага рэгіёну Вайводзіна. Новы чыгуначны вакзал у Нові-Садзе, здадзены ў эксплюатацыю ўлетку, стаў месцам трагедыі. Пасьля абвалу бэтоннага навесу загінулі 14 чалавек, яшчэ некалькі трапілі з траўмамі ў шпіталі.
Прадстаўнікі Ўнівэрсытэцкага клінічнага цэнтру Вайводзіны (UKCV) заявілі, што яшчэ як мінімум тры пацярпелыя знаходзяцца ў цяжкім стане ў выніку інцыдэнту, які адбыўся празь некалькі месяцаў пасьля таго, як станцыя была адноўлена па заканчэньні трохгадовай рэканструкцыі. За жыцьцё траіх чалавек змагаюцца лекары.
Урад Сэрбіі абвясьціў 2 лістапада днём жалобы, а сам паўночны рэгіён абвясьціў трохдзённую жалобу.
Паводле некаторых зьвестак, сярод ахвяраў была 6-гадовая дзяўчынка з Паўночнай Македоніі, але Балканская служба Радыё Свабода ня здолела пакуль пацьвердзіць асобы тых, хто загінуў.
Дырэктар Унівэрсытэцкага клінічнага цэнтру Вайводзіны Вэсна Туркулаў паведаміла сэрбскаму дзяржаўнаму тэлерадыёвяшчальніку, што трое пацярпелых праапэраваныя, але іх жыцьцё ўсё яшчэ ў небясьпецы.
Чыгуначная станцыі ў Нові-Садзе пабудаваная ў 1964 годзе. Нядаўна яна перажыла рэканструкцыю. Чыгуначнае кіраўніцтва гаворыць, што бэтонны навес, які зваліўся на людзей, якраз не зазнаў рэканструкцыі, але некаторыя адмыслоўцы гэта аспрэчваюць.
Інжынэр-геоляг Зоран Джаіч, які да чэрвеня 2023 году працаваў пры работах на вакзале дарадцам у мулярскай справе, паведаміў, што на навесе разьмяшчалі лясы і дадатковыя грузы, каб весьці работы з іншымі элемэнтамі вакзалу. Імаверна, процівагі ня вытрымалі нагрузікі, і таму навес упаў.
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч прызнаў, што сярод ахвяраў ёсьць чалавек з пашпартам суседняй Македоніі, але не раскрыў ніводнай асобы з загінулых. Шмат хто ў сэрбскім грамадзтве падазрае ўлады ў хабарніцтве і нядбайным вядзеньні перабудоўчых работ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі рэжысэр Андрэй Гнёт на волі, ён пакінуў Сэрбію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Сэрбіі ўпершыню за 2,5 года пагутарыў па тэлефоне з Пуціным