Ва ўкраінскай выведцы распавялі, чым Расея ўзброіла вайскоўцаў КНДР, перакінутых да межаў Украіны

Паўночнакарэйскія салдаты маршыруюць падчас вайсковага параду на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхэньяне, Паўночная Карэя, 15 красавіка 2012 году

Паводле Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Украіны, у апошні тыдзень кастрычніка Расея перакінула з Прыморскага краю РФ у раёны паблізу Украіны звыш 7 тысяч салдат войска КНДР.

«КНДРаўцаў Масква ўзброіла, у прыватнасьці, мінамётамі калібру 60 мм, аўтаматамі АК-12, кулямётамі РПК/ПКМ, снайпэрскімі вінтоўкамі СВД/ЗВЧ, ПТРК „Фенікс“ і РПГ-7» — распавялі ў выведцы.

Таксама, паводле дадзеных выведкі, паўночным карэйцам выдалі некалькі прыбораў начнога бачаньня, цеплавізараў, прыцэлаў і бінокляў.

«Паўночнакарэйскія войскі перамяшчалі з дапамогай сама меней 28 ваенна-транспартных бартоў ВКС РФ» — дадалі ў выведцы Ўкраіны.

Гэтыя зьвесткі немагчыма праверыць зь незалежных крыніц.

У Галоўным упраўленні выведкі Мінабароны Ўкраіны 24 кастрычніка паведамілі, што першыя падразьдзяленьні вайскоўцаў з КНДР прыбылі ў зону баявых дзеяньняў расейска-ўкраінскай вайны — «іх зьяўленьне зафіксавана ў Курскай вобласьці РФ». Паводле ацэнак ГУР, колькасьць перакінутых у Расею паўночнакарэйскіх вайскоўцаў цяпер складае каля 12 тысяч чалавек, сярод іх — 500 афіцэраў, у тым ліку тры генэралы.

  • Паўднёвая Карэя 22 кастрычніка заявіла аб магчымым пераглядзе падтрымкі Кіева, у прыватнасьці аб прадстаўленьні сьмяротнай зброі і накіраваньні пэрсаналу ў залежнасьці ад сытуацыі ва Ўкраіне.
  • 24 кастрычніка Пуцін на прэс-канфэрэнцыі па выніках саміту БРІКС у Казані, камэнтуючы спадарожнікавыя здымкі, якія сьведчаць аб прысутнасьці на расейскай тэрыторыі салдат з Паўночнай Карэі, заявіў: «Здымкі — рэч сур’ёзная. Калі ёсьць здымкі, значыць, яны нешта адлюстроўваюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС КНДР паабяцала падтрымку расейскай арміі «да перамогі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO прызнаў, што Расея разьмясьціла войскі КНДР у Курскай вобласьці