Мядзведзеў: ЗША памыляюцца, лічачы, што Расея не ўжыве ядзерную зброю

Дзьмітрый Мядзьведзеў

ЗША памыляюцца, чакаючы, што Расея не пяройдзе рысу ў пляне выкарыстаньня ядзернай зброі, калі гаворка пойдзе аб пагрозе яе існаваньню, заявіў Мядзьведзеў у інтэрвію RT.

Дзьмітрый Мядзьведзеў, намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі, які займаў пасаду прэзыдэнта РФ з 2008 па 2012 год, у суботу папярэдзіў Злучаныя Штаты аб неабходнасці сур’ёзна паставіцца да ядзерных папярэджаньняў Расеі, каб пазьбегнуць Трэцяй сусьветнай вайны, паведамляе Reuters.

Мядзведзеў заявіў тэлеканалу RT, што вышэйшыя службовыя асобы ЗША не хацелі Трэцяй сусьветнай вайны, але зь нейкай прычыны лічаць, што «расейцы ніколі не пяройдуць пэўную рысу».

«Яны памыляюцца, — сказаў Мядзьведзеў тэлеканалу RT, — Калі мы гаворым аб існаваньні нашай дзяржавы, пра што неаднаразова казаў прэзыдэнт нашай краіны, ваш пакорны слуга казаў, іншыя казалі, вядома, у нас проста ня будзе выбару».

Расея ўжо некалькі тыдняў падае Захаду сыгналы, што Масква адкажа, калі Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі дапамогуць Украіне запусьціць ракеты большай далёкасьці ўглыб Расеі, у той час як NATO заяўляе, што Паўночная Карэя накіравала войскі ў заходнюю частку Расеі.

Расейскія афіцыйныя асобы кажуць, што лідэры Захаду не прыслухаліся да сыгналаў, якія Масква пасылае наконт эўрапейскай бяспекі і эскаляцыі вайны ва Ўкраіне.

Амэрыканскія дыпляматы адзначаюць, што адносіны з Расеяй цяпер горшыя, чым калі-небудзь ад часоў халоднай вайны, але Вашынгтон не імкнецца да эскаляцыі вайны ва Ўкраіне.

  • Раней Мядзьведзеў неаднаразова рабіў рэзкія заявы адносна ядзернай зброі. Два месяцы таму ён палічыў, што фармальныя перадумовы для ядзернага ўдару склаліся ў выніку ўварваньня УСУ ў Курскую вобласьць, але Расея праяўляе цярплівасьць і дадаў: «Любому цярпеньню надыходзіць канец».
  • У канцы кастрычніка Ўладзімір Пуцін назваў выкарыстаньне ядзернай зброі крайняй і выключнай мерай забесьпячэньня бясьпекі дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выпадку нападу Украіны на Беларусь Лукашэнка зможа выкарыстоўваць ядзерную зброю з дазволу Крамля, — Мядзьведзеў