Без рэальных супернікаў і канкурэнтаў. Выбары, якія нагадваюць флэшмоб

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з замежнымі СМІ, 6 чэрвеня 2023 году.

Вылучэньне некалькіх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, павінна стварыць ілюзію, што цяперашняя кампанія ніяк не адрозьніваецца ад папярэдніх. Маўляў, усё як звычайна. Але цяпер роля спойлераў трохі іншая, чым раней. Удаючы зь сябе нібыта апанэнтаў Лукашэнкі, яны адначасова вымушаныя падтрымліваць існы рэжым і ягоную палітыку.

Сьцісла:

  • Упершыню прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі праходзяць без рэальных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Што адлюстроўвае тыя вялікія перамены, якія адбыліся ў краіне за апошнія чатыры гады.
  • У пэўным сэнсе беларускія ўлады капіююць апошнюю расейскую прэзыдэнцкую кампанію.
  • Пасьля 2020 году шмат людзей пацярпелі за тое, што ставілі подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў. Таму цяпер выбарцы будуць баяцца падпісвацца за любога кандыдата, акрамя Лукашэнкі.
  • Верагодна, зьбіраць подпісы ў падтрымку «канкурэнтаў» Лукашэнкі давядзецца дзяржаўнаму апарату з выкарыстаньнем так званага «адміністратыўнага рэсурсу».

Гаворачы пра электаральныя кампаніі ў сёньняшняй нэататалітарнай Беларусі, многія экспэрты кажуць пра вяртаньне ў савецкія часы, рэанімацыю традыцый эпохі СССР. Так, сапраўды, ператварэньне выбараў у чыста тэхнічную працэдуру шмат у чым нагадвае тагачасную практыку. Аднак нават тады гэтая, здавалася б, тэхнічная працэдура мела палітычны сэнс. Бо выконвала палітычную задачу ў справе легітымізацыі ўлады.

Цяперашняя выбарчая кампанія трохі адрозьніваецца ад таго, што адбывалася ў савецкія часы. У СССР на выбарах быў толькі адзін кандыдат, не было альтэрнатывы, можна было галасаваць толькі «за» ці «супраць». Цяпер жа і ў парлямэнцкіх, і ў прэзыдэнцкіх выбарах удзельнічаюць некалькі кандыдатаў. Ствараецца альтэрнатыва, няхай і штучная. Гэта — здабытак постсавецкай дэмакратызацыі, новая традыцыя.

Мясцовыя ці парлямэнцкія выбары можна правесьці як тэхнічную працэдуру. Бо насельніцтва разумее, што парлямэнт і мясцовыя саветы — пустыя інстытуты, якія не валодаюць рэальнай уладай. А вось прэзыдэнцкія выбары нават ва ўмовах сёньняшняй нэататалітарнай Беларусі — гэта ў любым выпадку палітычная кампанія. Бо ўсе ў краіне разумеюць, што ідзецца пра рэальную ўладу. Палітызацыя грамадзтва падчас гэтай кампаніі непазьбежная. Рэжым якраз і імкнецца скарыстаць гэтую палітызацыю на сваю карысьць.

Упершыню прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі праходзяць без рэальных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Што адлюстроўвае тыя вялікія перамены, якія адбыліся ў краіне за апошнія чатыры гады. Цяпер у палітычнай сыстэме няма апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, затое за кратамі сотні палітвязьняў. І задача ўладаў палягае ў тым, каб прыхаваць гэты факт, стварыць уражаньне існаваньня нейкай канкурэнцыі. Дзеля гэтага і арганізавана вылучэньне некалькіх кандыдатаў.

У пэўным сэнсе беларускія ўлады капіююць апошнюю расейскую прэзыдэнцкую кампанію. Там, акрамя Ўладзіміра Пуціна, у выбарах удзельнічалі яшчэ тры кандыдаты, прадстаўнікі праўладных парлямэнцкіх партый: Мікалай Харытонаў (КПРФ), Уладзіслаў Даванкоў («Новыя людзі»), Леанід Слуцкі (ЛДПР). Гэтак жа і ў Беларусі прэтэндэнтамі на пасаду прэзыдэнта вылучаюцца лідэры праўладных партый, прадстаўленых у парлямэнце: Сяргей Сыранкоў (Кампартыя), Алег Гайдукевіч (ЛДП), Аляксандар Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці).

Але капіяваньне ня поўнае: існуе і беларуская спэцыфіка. Ёсьць прадстаўнікі так званых «грамадзкіх арганізацый»: Сяргей Бобрыкаў (Беларускі саюз афіцэраў), Вольга Чамаданава (Беларускі саюз жанчын).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК прыняла яшчэ адну заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы на прэзыдэнцкія выбары

Яшчэ адно адрозьненьне ад расейскіх выбараў і ад папярэдніх беларускіх прэзыдэнцкіх кампаній — той факт, што зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы імкнуцца тры жанчыны: Ганна Канапацкая, Вольга Чамаданава, Дзіяна Кавалёва. Тут улады, магчыма, падсьвядома дэманструюць, што Беларусь — усё ж эўрапейская краіна, нягледзячы на абвешчаны цывілізацыйны разварот да Ўсходу і Поўдня.

І другі момант: галоўны рэальны апанэнт Аляксандра Лукашэнкі — Сьвятлана Ціханоўская. Таму і зьяўленьне жанчын — прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, і заява беларускага ўладара, што ён «жаночы прэзыдэнт» — гэта ўсё інструмэнт для нэўтралізацыі і дэлегітымізацыі свайго асноўнага рэальнага суперніка.

Вылучэньне некалькіх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, паклікана стварыць ілюзію, што цяперашняя кампанія ніяк не адрозьніваецца ад папярэдніх. Маўляў, усё як звычайна, існуе шмат прэтэндэнтаў, яны будуць зьбіраць подпісы, выступаць па БТ, у бюлетэні для галасаваньня будзе некалькі прозьвішчаў.

Існаваньне спарынг-партнэраў, спойлераў Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў — ня новая зьява. Гэтую ролю звычайна выконваў дзяжурны кандыдат Сяргей Гайдукевіч. Але ў яго была іншая роля. Ён быў патрэбен на выпадак, калі б рэальныя апанэнты Лукашэнкі раптам зьнялі свае кандыдатуры ўжо ў працэсе кампаніі, і той раптам застаўся б адзіным кандыдатам. Што разбурыла б увесь сцэнар уладаў. Вось у такім разе Гайдукевіч мог бы выканаць ролю штучнай альтэрнатывы.

Цяпер роля спойлераў іншая. Яны павінны быць нібыта апанэнтамі Лукашэнкі — і адначасова падтрымліваць існы рэжым і ягоную палітыку. Маўляў, я іду кандыдатам у прэзыдэнты, каб падтрымаць адзінага і незаменнага правадыра. Такая практыка існуе ў некаторых краінах Цэнтральнай Азіі. Але ў Беларусі дасюль такога не было. Выглядаць гэта будзе трохі сьмешна.

Але тут ёсьць адна праблема. У рамках палітычных рэпрэсій пасьля 2020 году многія людзі пацярпелі за тое, што ставілі подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў, асабліва Віктара Бабарыкі. Гэтыя людзі страцілі працу ў дзяржаўных установах, мелі іншыя непрыемнасьці.

І вось уявіце сытуацыю, калі да звычайнага абывацеля прыходзяць чальцы ініцыятыўных груп кандыдатаў-спойлераў Лукашэнкі і прапануюць паставіць подпіс у іх падтрымку. І выбаршчык, памятаючы пра сумны досьвед папярэдняй кампаніі, хутчэй за ўсё, адмовіць. На ўсялякі выпадак, бо хто ведае, чым гэта можа пагражаць потым. І як самі кандыдаты, чальцы іхных ініцыятыўных групаў будуць агітаваць людзей не баяцца? Маўляў, я не сапраўдная альтэрнатыва, а падстаўная фігура, спарынг-партнэр Лукашэнкі, мая кандыдатура ўзгодненая зь ягонай адміністрацыяй? Ці як па-іншаму? Сытуацыя камічная.

Падаецца, улады разумеюць гэтую праблему. Бо зьвярніце ўвагу: ЦВК не дае інфармацыі пра колькасьць ініцыятыўных груп. А гэтая інфармацыя даволі важная. Справа ў тым, што досьвед мінулых прэзыдэнцкіх кампаній, падчас якіх рэальна зьбіралі неабходныя 100 тысяч подпісаў, сьведчыць: толькі ініцыятыўныя групы, якія налічваюць больш за 3 тысячы чальцоў, маглі выканаць гэтую задачу. І калі цяпер высьветліцца, што склад камандаў кандыдатаў невялікі, то будзе яшчэ больш заўважнай уся прафанацыя такой кампаніі. Таму не выключаю, што зьбіраць подпісы ў падтрымку «канкурэнтаў» Лукашэнкі давядзецца дзяржаўнаму апарату з выкарыстаньнем так званага «адміністратыўнага рэсурсу».

Кампанія пачалася з флэшмобу. Можна меркаваць, што і ўся яна ператворыцца ў адзін нязграбны трохмесячны флэшмоб.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.