Што трэба ведаць пра двух кандыдатаў, якія змагаюцца за пасаду прэзыдэнта Малдовы

Мая Санду і Аляксандар Стаяноглу

У другім туры прэзыдэнцкіх выбараў 3 лістапада грамадзяне Малдовы выберуць паміж праэўрапейскай дзейнай кіраўніцай дзяржавы Маяй Санду, якая ў першым туры набрала 42%, і былым генэральным пракурорам Аляксандрам Стаяноглу, які атрымаў 26% пры падтрымцы прарасейскай Сацыялістычнай партыі Малдовы.

Хоць пасада прэзыдэнта ў Малдове ў тэхнічным сэнсе цырыманіяльная, ён карыстаецца значным палітычным уплывам. Малдаўская служба Радыё Свабода прадстаўляе кандыдатаў і іх супярэчнасьці.

Мая Санду

Мая Санду: цьвёрда ў лягеры ЭЗ

Выпускніца Гарварду і былая супрацоўніца Сусьветнага банку, Мая Санду стала першай жанчынай — прэзыдэнтам Малдовы, здабыўшы пераканаўчую перамогу ў 2020 годзе. Посьпех ёй прынесьлі моцнае праэўрапейскае пасланьне і абяцаньні змагацца з карупцыяй і рэфармаваць судовую сыстэму. Аднак пазьней Санду сутыкнулася з цяжкасьцямі праз праблемы ў эканоміцы, разбуранай каранавіруснай пандэміяй, і з прычыны росту геапалітычнай напружанасьці з Расеяй.

52-гадовая Санду ўпершыню стала вядомай у 2012 годзе, заняўшы пасаду міністра адукацыі краіны. Пасьля няўдалай прэзыдэнцкай кампаніі ў 2016 годзе яна нядоўгі час займала пасаду прэм’ер-міністра.

На пасадзе прэзыдэнта Санду адыграла важную ролю ў тым, што ў чэрвені 2022 году Малдова стала кандыдатам у Эўрапейскі Зьвяз. Гэта зрабілася асабліва актуальным пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну некалькімі месяцамі раней.

Санду хвалілі за сумленнасьць, але ў той жа час крытыкавалі — за павольны тэмп судовай рэформы і за няздольнасьць ажывіць падупалую эканоміку. У тэлевізійных прэзыдэнцкіх дэбатах 27 кастрычніка Санду прызнала, што абяцаная судовая рэформа — у тым ліку барацьба з карупцыяй і рэфармаваньне Генэральнай пракуратуры — ішла павольна, і паабяцала больш эфэктыўна працаваць у гэтым напрамку ў будучыні.

На працягу ўсяго прэзыдэнцкага тэрміну Санду пракрамлёўскія палітычныя партыі абвінавачвалі яе ў распальваньні канфлікту з Масквой. У сьнежні 2022 году яе скрытыкавалі за абмежаваньне свабоды слова, пасьля таго як урад прыпыніў ліцэнзіі шасьці прарасейскіх тэлеканалаў за «распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі».

У сваёй перадвыбарнай кампаніі Санду паабяцала падтрымліваць мір, паляпшаць умовы жыцьця (Малдова — найбяднейшая краіна ў Эўропе) і забясьпечыць уступленьне краіны ў ЭЗ да 2030 году.

Рэфэрэндум аб сяброўстве ў ЭЗ праводзіўся адначасова зь першым турам прэзыдэнцкіх выбараў 20 кастрычніка. Пасьля перамогі зь невялікай перавагай прыхільнікаў эўраінтэграцыі Санду заявіла, што Малдова стала аб’ектам беспрэцэдэнтнага махлярства і што «злачынныя групоўкі» і «замежныя сілы» спрабавалі купіць 300 000 галасоў. Аднак вынікаў аспрэчваць ня стала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Малдове рыхтуюцца да другога туру прэзыдэнцкіх выбараў і якія шанцы на перамогу мае дзейная прэзыдэнтка

Аляксандар Стаяноглу

Аляксандар Стаяноглу: складана вызначыць

Ранейшы вопыт Аляксандра Стаяноглу на пасадзе генэральнага пракурора Малдовы з 2019 па 2021 год вызначыў кірунак ягонай прэзыдэнцкай кампаніі: 57-гадовы кандыдат паабяцаў, што калі стане прэзыдэнтам, то забясьпечыць вяршэнства закону.

На пасадзе генэральнага пракурора Стаяноглу шырока крытыкавалі за няздольнасьць змагацца з карупцыяй на высокім узроўні. У прыватнасьці, яго абвінавацілі ў бязьдзейнасьці ў справе алігарха Ілана Шора, зьвязанай са зьнікненьнем каля 1 мільярда даляраў з банкаў краіны.

Нягледзячы на тое, што ён самы папулярны кандыдат сярод малдаўскай дыяспары ў Расеі і падтрымліваецца пракрамлёўскімі сіламі ў Малдове, Стаяноглу сьцьвярджае, што ня мае палітычнай прыналежнасьці, і абвяргае закіды, што ён «чалавек Масквы». Ён адкінуў абвінавачваньні ў карупцыі, злоўжываньні службовым становішчам і незаконным узбагачэньні, заявіўшы, што ўсе доказы былі сфабрыкаваныя адміністрацыяй Санду.

Аднак Стаяноглу здолеў часткова апраўдацца, выйграўшы ў Эўрапейскім судзе правоў чалавека ў Страсбуры справу, зьвязаную з адхіленьнем яго ад пасады генэральнага пракурора.

У палітычным пляне Стаяноглу складана клясыфікаваць. Калі ён быў дэпутатам парлямэнту, то ўваходзіў у праэўрапейскую кааліцыю. Нягледзячы на гэта, часам ён займаў прарасейскія пазыцыі, напрыклад, адмаўляючыся галасаваць за рэзалюцыю, якая асуджае злачынствы камуністычнай эпохі. Ягоная рэакцыя на вайну ва Ўкраіне таксама была неадназначная: ён выказаў «нэгатыўнае стаўленьне» да канфлікту, але не асудзіў наўпрост Расею за ўварваньне.

Ягоны падыход да імкненьня Малдовы ўступіць у Эўразьвяз таксама няпэўны. Хоць Стаяноглу байкатаваў рэфэрэндум і крытыкаваў рэформы, якія патрабуе правесьці ў краіне ЭЗ, нядаўна ён прапанаваў Санду падпісаць сумесную дэклярацыю ў падтрымку эўрапейскага шляху Малдовы.

Гэтая двухсэнсоўнасьць выклікала абвінавачаньні ў палітычным апартунізьме і крывадушнасьці. Нягледзячы на антыэўрапейскую ў цэлым пазыцыю, ён таксама мае грамадзянства Румыніі (і, такім чынам, ЭЗ), а ягоная дачка, як паведамляецца, працуе ў Эўрапейскім цэнтральным банку.