Што Малдова і Грузія паказалі наконт супрацьстаяньня расейскаму ўплыву

Ілан Шор, былы алігарх, якога асудзілі за маштабнае махлярства, зьбег з Малдовы, але намагаўся паўплываць на вынікі выбараў

Вынікі выбараў у Малдове і Грузіі падкрэсьлілі тое, як радыкальна па-рознаму ўрады і грамадзянская супольнасьць гэтых краінаў у складаны для сябе момант супрацьстаялі расейскаму ўмяшаньню і іншым разбуральным элемэнтам, піша журналіст Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Эндзі Гайл.

Галасаваньні — прэзыдэнцкія выбары і канстытуцыйны рэфэрэндум пра курс на Эўразьвяз у Малдове і парлямэнцкія выбары ў Грузіі — мелі патэнцыял драматычна зьмяніць геапалітычную арыентацыю абедзьвюх постсавецкіх краінаў ці ўзмацніць іх цяперашнія курсы. У абедзьвюх краінах далейшая інтэграцыя з ЭЗ сутыкаецца з усё большымі перашкодамі.

Таму вельмі важна было, хто пераможа і хто прайграе на выбарах. Але некаторыя першыя ўрокі гэтых выбараў тычацца ня толькі пытаньня, хто перамог. Яны могуць дапамагчы іншым грамадзтвам, дзе адбываецца падобнае змаганьне, — ня толькі некаторым краінам, якія мяжуюць з Расеяй, але і некаторым сьпелым дэмакратыям.

Варта супрацьстаяць расейскаму ўплыву як мага раней

Афіцыйныя асобы ў Малдове месяцамі папярэджвалі пра пагрозы з боку Расеі, у тым ліку пра дэзынфармацыю і арганізацыю незаконных выплат за нефармальную працу людзей, якія ладзілі кампанію супраць Эўразьвязу. Адзін аналітык працытаваў прадстаўніка ўладаў Малдовы, зь якім размаўляў перад галасаваньнем: «Мы можам адсачыць грошы». І хоць яны не маглі спыніць паток гатоўкі з Расеі, яны бачылі яго і паказвалі, што гэта такое.

Грузія дае іншы ўрок. Прэм’ер-міністар Іраклі Кабахідзэ яшчэ на мінулым тыдні настойваў, што «Расея ў Грузіі ня мае ўплыву». Каб балянсаваць і не выглядаць занадта прарасейскай у вачах людзей, якія насьцярожана ставяцца да Расеі, партыя «Грузінская мара» папросту ігнаравала праблему і малявала выбарчую кампанію як выбар паміж «вайной» і «мірам».

У выніку, хоць прэзыдэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі папярэджвала пра расейскае ўмяшаньне, менавіта грамадзянскай супольнасьці давялося супрацьстаяць эканамічнаму ўплыву Масквы і мабілізацыі прарасейскіх інфлюэнсэраў і СМІ.

Грузінская публіка і групы грамадзянскай супольнасьці атрымалі энэргію ад нядаўняга мірнага змаганьня супраць закону аб «замежных агентах», які сярод грузінаў атрымаў нефармальную назву «расейскага закону», і супраць новых абмежаваньняў для ЛГБТ-супольнасьці. Але экспэрты казалі Радыё Свабода, што падрыхтоўка ў форме «сыгналаў трывогі» і «пабудовы кааліцыі» насамрэч пачалася за шмат месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі расьсьледуюць 47 спраў аб парушэньнях на выбарах. Арыштавалі двух чыноўнікаў за ўкіданьне бюлетэняў

Сумленнасьць і празрыстасьць як ключавыя фактары

Афіцыйныя асобы ў Малдове пачалі бараніць сумленнасьць выбараў, узмацняючы дзяржаўныя інстытуты і спрабуючы закрыць незаконныя крыніцы патэнцыйна гвалтоўных забурэньняў. Яны таксама адбівалі кібэратакі і змагаліся з «глыбокімі фэйкамі», публічна абвяргаючы тое, што лічылі падманам. Гэтую іх дзейнасьць можна лічыць пасьпяховай, сказала ў гутарцы з Радыё Свабода Шэлбі Магід, намесьніца дырэктара Цэнтру Эўразіі ў амэрыканскай дасьледчай установе «Атлянтычная рада».

Урадавая партыя ў Грузіі выглядала менш заклапочанай патэнцыйнымі абвінавачаньнямі ў парушэньнях падчас галасаваньня. Гэты клопат лёг на грамадзянскую супольнасьць. Пасьля дзесяцігодзьдзя дамінаваньня «Грузінскай мары» гэтыя незалежныя (і апазыцыйныя) групы паказалі, што яны лепш падрыхтаваныя, чым раней. Яны зладзілі доўгатэрміновае назіраньне, міжнароднае супрацоўніцтва і гарачыя лініі, на якія можна было паведаміць пра парушэньні, кажа Магід.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грузія рухаецца ў беларускім кірунку, а Беларусь можа раней за яе далучыцца да Эўразьвязу», — брытанскі аналітык Эдвард Лукас

Утаймаваць алігархаў

У Малдове прадстаўнікі ўлады амаль два гады змагаліся з уплывам Ілана Шора, былога алігарха, асуджанага за маштабнае махлярства. Шор зьбег з краіны і, як выглядае, хоча скіраваць яе бліжэй да Расеі. Пасьля забароны ў мінулым годзе ягонай партыі ўрад працягваў ціск, папярэджваючы грамадзтва пра меркаваную сетку ўплыву Шора, у якую ўкладзеныя мільёны даляраў і якая, сярод іншага, ставіць мэтай супрацьстаяньне Эўразьвязу. «Тут гаворка не пра нейкую асобную праблему, гэта больш падобна да старой электроннай гульні, дзе трэба біць малатком крата, які выскоквае з-пад зямлі ў розных месцах — ад Шора так проста не пазбавісься», — кажа Магід.

У Грузіі можна гаварыць пра «слана ў пакоі» — Бідзіну Іванішвілі, мільярдэра, заснавальніка партыі «Грузінская мара», які зрабіў свой капітал у Расеі. Выглядае, што Іванішвілі «дбае пра сябе і мае антыдэмакратычны склад асобы, які больш пасуе да Расеі, — кажа Магід. Яна дадае, што ўласныя інтарэсы Іванішвілі і інтарэсы Расеі часам супадаюць, а часам не.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Малдове рыхтуюцца да другога туру прэзыдэнцкіх выбараў і якія шанцы на перамогу мае дзейная прэзыдэнтка

Не забыцца пра дыяспару

Зусім невялікая перавага прыхільнікаў Эўразьвязу на канстытуцыйным рэфэрэндуме ў Малдове і розьніца ў пэрспэктывах на ўсход і на захад ад Малдовы падкрэсьліваюць важнасьць дыяспары ў галасаваньні. Афіцыйныя асобы выкарыстоўвалі шмат каналаў, каб мабілізаваць выбарнікаў за мяжой, асабліва на Захадзе, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі, культурныя праграмы і сайты з інфармацыяй пра выбары. Магід кажа, што вельмі важна, каб чалавек увесь час атрымліваў пасланьні, што ягоны голас важны.

У Грузіі, дзе шмат выбарнікаў знаходзіцца на Захадзе, улады менш ахвотна прыцягвалі галасы дыяспары. Лёгка пабачыць чаму: па-за межамі Грузіі «Грузінская мара» атрымала толькі каля 15 працэнтаў галасоў. Аднак апазыцыя была безнадзейна падзеленая на мноства альтэрнатываў, і таму ніхто з супернікаў «Грузінскай мары» не атрымаў яснага мандату.