Новая міграцыйная стратэгія Польшчы не закране «абсалютную большасьць беларусаў» — Упраўленьне па справах замежнікаў

Сустрэча ў Варшаве кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, кіраўніцы ініцыятывы «Partyzanka» Ганны Маціеўскай з кіраўніком Упраўленьня па справах іншаземцаў Польшчы Томашам Цытрыновічам.

Новая міграцыйная стратэгія польскай дзяржавы не закране «абсалютную большасьць беларусаў», якія «легалізаваліся або плянуюць легалізавацца» ў краіне, заявіў кіраўнік Упраўленьня па справах замежнікаў Польшчы Томаш Цытрыновіч на сустрэчы з намесьнікам старшыні АПК, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам.

Пра вынікі сустрэчы Латушка паведаміў у сваім тэлеграм-канале.

Паводле словаў Цытрыновіча, польская стратэгія разьлічаная ў першую чаргу на стварэньне «надзейнай заслоны для нелегальнай міграцыі». Зьмены перш за ўсё будуць тычыцца тых, хто «атакуе мяжу, выкарыстоўваючы падтрымку памежнай службы Беларусі» і ўдзельнічаючы тым самым у «гібрыднай вайне Беларусі і Расеі супраць Польшчы».

Польскі чыноўнік адзначыў, што ў рамках новай міграцыйнай стратэгіі польскія ўлады будуць, сярод іншага, ацэньваць «мэтавае выкарыстаньне візаў». Ён удакладніў, што, напрыклад, на падставе турыстычнай візы нельга будзе працаўладкавацца ў Польшчы. «Мэта прыезду, дзеля якой атрымлівалася віза, павінна выконвацца, а яе зьмяненьне падчас знаходжаньня на тэрыторыі Польшчы будзе магчымае толькі ў выключных сямейных абставінах», — перадае Латушка словы Цытрыновіча.

Кіраўнік упраўленьня рэкамэндаваў грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў краіне, прытрымлівацца дзейных нормаў польскага заканадаўства і своечасова атрымліваць дакумэнты, якія адпавядаюць «рэальным абставінам знаходжаньня на тэрыторыі Польшчы».

«Тыя, што маюць легальную працу, сям’ю ў Польшчы або адстойвалі дэмакратычныя каштоўнасьці ў Беларусі і вымушана пакінулі тэрыторыю краіны, а галоўнае — выконваюць польскае заканадаўства, не павінны перажываць за будучыя зьмены ў міграцыйнай палітыцы Польшчы», — падкрэсьліў Цытрыновіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожны другі паляк падтрымлівае прыпыненьне права на прытулак для мігрантаў — апытаньне

Паводле ягонай інфармацыі, правам пражываньня на тэрыторыі Польшчы цяпер валодаюць 137 тысяч беларусаў, а з улікам асобаў, якія знаходзяцца ў працэсе легалізацыі, агульная колькасьць грамадзян Беларусі ў краіне можа складаць каля 200 тысяч.

На сустрэчы Цытрыновіч таксама паведаміў, што ініцыяваны працэс аб падаўжэньні выдачы праязных дакумэнтаў (travel document) для грамадзян Беларусі з 1 студзеня 2025 году, а таксама разглядаецца магчымасьць іх выдачы на двухгадовы тэрмін. Прадугледжваецца, што пры падрыхтоўцы такіх дакумэнтаў будуць выкарыстоўвацца біямэтрычныя дадзеныя. Таксама, паводле ягоных слоў, плянуецца падоўжыць тэрмін дзеяньня часовага пасьведчаньня асобы замежніка (цяпер — да 6 месяцаў).

Паводле зьвестак польскага чыноўніка, у 2024 годзе беларусам выдадзена каля 1500 праязных дакумэнтаў, летась — 450. Рост зьвязаны ў тым ліку з заканчэньнем тэрмінаў дзеяньня пашпартоў, якія цяпер немагчыма замяніць праз консульскія ўстановы Беларусі.

Латушка, у сваю чаргу, зьвярнуў увагу, што «ў сувязі з ростам рэпрэсій у Беларусі ў апошнія месяцы, у тым ліку напярэдадні так званай выбарчай кампаніі, будзе павялічвацца колькасьць грамадзян Беларусі, якія будуць зьвяртацца з просьбай аб міжнароднай абароне на тэрыторыі Польшчы».

  • 15 кастрычніка ўрад Польшчы прыняў комплексную міграцыйную стратэгію да 2030 году. Яна прадугледжвае часавае тэрытарыяльнае прыпыненьне права на прытулак, нагадвае інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
  • 16 кастрычніка ў інтэрвію Gazeta Wyborcza Туск выказаў меркаваньне, што права на прытулак павінна давацца толькі тым людзям, якія «сапраўды зазнаюць перасьлед у сваёй краіне і вяртаньне туды пагражае іх жыцьцю».
  • У той жа дзень, рэагуючы на крытыку з боку прэзыдэнта Анджэя Дуды і ягоныя асьцярогі наконт распаўсюджваньня новых абмежаваньняў на беларусаў, Туск падкрэсьліў, што «не было ніводнага выпадку, каб беларускі апазыцыянэр спрабаваў нелегальна перасекчы польска-беларускую мяжу ў складзе груп, арганізаваных Лукашэнкам».
  • Рашэньні ўраду, паводле сьцьвярджэньня прэм’ер-міністра, накіраваныя ня толькі на абарону мяжы зь Беларусьсю, але і на прадухіленьне гібелі як мігрантаў, так і польскіх салдат і памежнікаў.