Карыстальнікі інтэрнэту ад розных беларускіх інтэрнэт-правайдэраў апошнім часам пачалі скардзіцца ў сацсетках на кепскую сувязь. На сайтах шэрагу правайдэраў зьявіліся паведамленьні пра DDoS-атакі, заўважыў devby.
У Беларусі апошнія дні абмяркоўваюць павольны інтэрнэт па вечарах на працягу апошняга тыдня-паўтара. Як пішуць некаторыя карыстальнікі сацсетак, сувязь падае каля 22.00, прычым у розных правайдэраў адначасова — як стацыянарнага, так і мабільнага інтэрнэту. Праўда, ня ўсе маюць праблемы з інтэрнэтам: некаторыя пішуць, што ўсё працуе нармальна.
Чытачы devby.io пацьвердзілі выданьню, што праблема ёсьць, асабліва з замежнымі сайтамі і сэрвісамі, і ня толькі ўвечары, але з VPN усё працуе лепей. Тэрміны, калі пачаліся праблемы, называюць розныя: ад «зусім нядаўна» да «месяца паўтара ўжо». Сярод іншага, карыстальнікі паскардзіліся выданьню на доўгую загрузку сайтаў, праблемы з загрузкай відэа, страту сувязі, праблемы са стратай пакетаў (Packet Loss).
Скаргі на павольны інтэрнэт паступалі ад некаторых кліентаў Белтэлекам, МТС, А1, Cosmos, Unet.by.
Што кажуць правайдэры
На сайтах шэрагу правайдэраў 29-30 кастрычніка зьявіліся паведамленьні пра DDoS-атакі. Прычым калі Белтэлекам сьцьвярджае, што атакавалі ягоныя сеткі, дык А-1, Cosmos і Unet.by — пра праблемы ў «вышэйстаячых правайдэраў» ці «вышэйшага партнэра».
Белтэлекам паведаміў, што 29 кастрычніка адбылася DDoS-атака на сетку РУП «Белтэлекам» і адзначыў, што «магчыма было пагаршэньне якасьці паслугі Інтэрнэт».
Мабільн апэратар A1 паведаміў пра «тэхнічныя праблемы на сетках вышэйстаячых правайдэраў», у сувязі з чым «у вечаровы час 30 кастрычніка 2024 году частка абанентаў А1 можа адчуваць часовыя праблемы з кароткатэрміновым зьніжэньнем хуткасьці доступу да рэсурсаў інтэрнэт».
Правайдэр кабэльнага інтэрнэту Unet.by паведаміў, што «30.10.2024 з 21:10 назіраецца DDoS-атака на сеткавае абсталяваньне вышэйстаячага партнэра», у сувязі з чым «магчымыя абрывы ў сетцы Інтэрнэт на працягу 2-х гадзін». Пазьней Unet.by удакладніў, што да 00.30 31.10.24 DDoS-напады на сеткавае абсталяваньне вышэйстаячага правайдэра спыніліся«.
Cosmos 28, 29 і 30 кастрычніка таксама інфармаваў сваіх кліентаў пра «магчымае пагаршэньне якасьці паслугі Інтэрнэт» праз «масіраваную DDoS-атаку на сетках вышэйстаячага правайдэра».
Вышэйстаячы правайдэр — інфраструктурны апэратар Беларусі кампанія beCloud — паведамленьняў пра DDoS-атакі або іншыя тэхнічных праблемы на сваім сайце не разьмяшчала.
Не было навінаў пра атакі і на сайце нацыянальнага цэнтру рэагаваньня на кампутарныя інцыдэнты Беларусі (CERT.BY). Менавіта гэты цэнтар паведамляў пра DDoS-атакі на байнэт падчас прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галасы з 12 краінаў, DDoS-атака і праблемы з VPN у Беларусі: як праходзяць выбары ў Каардынацыйную раду