Літоўскія мытнікі затрымалі 13 аўтамабіляў, якія везьлі з ЗША ў Беларусь і Расею

Адзін з затрыманых літоўскімі мытнікамі аўтамабіляў

Літоўская мытня затрымала 13 патрыманых аўтамабіляў, якія ў абыход санкцыяў спрабавалі пераправіць з ЗША ў Беларусь і Расею, паведамляецца на сайце ведамства.

Агульны кошт затрыманых аўтамабіляў — больш за 200 тысяч эўра.

Па факце спробы ўвозу машын пачата дасудовае расьсьледаваньне. Падазраюцца два супрацоўнікі клайпедзкай кампаніі, якая займаецца перавозкамі.

Крымінальная мытная служба Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне па факце кантрабанды і спробы пазьбегнуць міжнародных санкцыяў, падазрэньне прад’яўлена двум супрацоўнікам адной з клайпедзкіх кампаній.

На думку чыноўнікаў, пры падачы дэклярацыяў кампанія ўвяла літоўскую мытню ў зман, калі «наўмысна ўнесла няправільныя зьвесткі пра сапраўдных уладальнікаў аўтамабіляў і іх пакупнікоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскую кампанію аштрафавалі на 13,6 мільёна эўра за экспарт аўтамабіляў у Беларусь у абыход санкцыяў
  • 29 чэрвеня Эўразьвяз прыняў новы пакет санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Гэта санкцыі за саўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Раней яны закраналі толькі арганізацыі, цяпер дзеяньне распаўсюдзілася на звычайных людзей. Сьпіс падсанкцыйных тавараў, забароненых для паставак з ЭЗ у Беларусь, зьмяшчае некалькі соцень пазыцыяў.
  • У канцы сакавіка Польшча, Латвія і Літва перасталі пускаць у Беларусь аўтамабілі на транзытных нумарах з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра коштам звыш 50 тысяч эўра.
  • У жніўні літоўскую кампанію аштрафавалі на 13,6 мільёна эўра за экспарт аўтамабіляў у Беларусь у абыход санкцыяў.
  • У Польшчы з пачатку 2024 году мытныя і падатковыя органы распачалі 51 справу супраць кампаній, якія не выконваюць эўрапейскія і нацыянальныя санкцыі ў гандлі зь Беларусьсю і Расеяй. Па 37 зь іх ужо вынесьлі рашэньні, у тым ліку 24 — аб накладаньні штрафаў на агульную суму больш за 20,8 млн злотых (больш за 5,3 млн даляраў паводле бягучага курсу Нацбанку Польшчы). За абыход санкцыяў, у прыватнасьці за продаж у Расеі аўтамабіляў прэміюм-клясы, спагнаньні наклалі на шэсьць польскіх кампаній.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cьляды паставак люксавых аўтамабіляў з Украіны ў Расею вядуць у Беларусь. Расьсьледаваньне БРЦ і «Схемаў»