Паводле вэрсіі сьледзтва, Сідараў зьбіраў і перадаваў зьвесткі на даручэньне арганізацыі «Антифашисты Прибалтики». Падчас расьсьледаваньня выявілі 23 выпадкі шпіянажу. Таксіст перадаваў інфармацыю пра Ўзброеныя сілы Латвіі і краін-саюзьніц на яе тэрыторыі, зьвесткі пра стратэгічна важныя аб’екты, а таксама інфармацыю пра кампаніі ў Латвіі, якія падтрымліваюць Украіну.
У красавіку 2023 году, піша Delfi са спасылкай на матэрыялы справы, Сідараў адправіў нявызначанай асобе праз тэлеграм паведамленьне пра тое, што ў Рыскі порт зайшоў вайсковы карабель, які прышвартаваўся на закрытым прычале, вядзецца яго разгрузка. Ён таксама расказваў пра пляны падарваць палігон дронаў, што непадалёк ад Рыгі, і нафтавы тэрмінал.
Сідараў віну прызнаў часткова. Ён расказваў, што яму спадабалася дзяўчына, прарасейская блогерка і адміністратарка тэлеграм-канала «Антифашисты Прибалтики» Вікторыя Матуле, і ён хацеў зрабіць на яе ўражаньне.
Таксіста затрымалі 15 жніўня 2023 году. Дома ў яго, як сьцьвярджаецца, выявілі некалькі носьбітаў інфармацыі, а таксама «знакі, якія пацьвярджаюць пракрамлёўскія ідэалягічныя перакананьні чалавека», — сьцягі Расеі і СССР.
Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі завяла крымінальную справу супраць аб'яднаньня «Антифашисты Прибалтики» ў лістападзе 2022 году. Паводле зьвестак ведамства, аб’яднаньне дзейнічала супраць інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі Латвіі, у тым ліку зьбірала інфармацыю, якая не падлягае разгалошваньню, з мэтай перадачы яе расейскім спэцслужбам. Крымінальны працэс у дачыненьні да таксіста аддзялілі ад справы «Антифашистов Прибалтики».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі з 31 кастрычніка пачала дзейнічаць забарона на рух аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: у Літве беларуску прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» за ранейшую працу ў кол-цэнтры «Альфа-Банку»