Ганна Канапацкая зноў балятуецца ў прэзыдэнты

Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Ганна Канапацкая, архіўнае фота

ЦВК атрымаў дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэньня Ганны Канапацкай кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведамілі дзяржаўныя СМІ.

Ганна Канапацкая 31 кастрычніка асабіста прыйшла ў ЦВК Беларусі падаваць дакумэнты. У 2020 годзе яна ўжо балятавалася ў прэзыдэнты, падчас той кампаніі яна адмовілася ад удзелу ў дэбатах кандыдатаў і вулічных пікетаў, паводле афіцыйных зьвестак ЦВК яна тады набрала 1,68% галасоў.

Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Першай ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ двум прэтэндэнтам — кіраўніку зьліквідаванага ўладамі Беларусі руху «За свабоду», экспэрту ў рэгіянальным разьвіцьці Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Юрыю Губарэвічу і Аляксандру Драздову ў рэгістрацыі адмовілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК Беларусі зарэгістравала ініцыятыўную групу Лукашэнкі, яшчэ двум прэтэндэнтам, у тым ліку Губарэвічу, адмовіла

Пасьля рэгістрацыі ініцыятыўныя групы могуць пачынаць зьбіраць подпісы на падтрымку вылучэньня заяўнікаў кандыдатамі ў прэзыдэнты.

Сярод новых прэтэндэнтаў — начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава, яе вылучэньне падтрымаў актыў Беларускага саюзу жанчын; кіраўнік праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі, намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Алег Гайдукевіч і кіраўнік праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, дырэктар «БелНДІПгорадабудаўніцтва», дэпутат Менгарсавету Аляксандар Хіжняк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ трое падалі ў ЦВК дакумэнты для ўдзелу ў выбарах-2025 у Беларусі: Гайдукевіч, Чамаданава, Хіжняк

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.