КНДР правяла выпрабаваньні міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты. Пра гэта паведаміла паўночнакарэйскае дзяржаўнае агенцтва ЦТАК 31 кастрычніка.
Запуск балістычнай ракеты ў бок Японскага мора быў праведзены за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын назваў выпрабаваньні «адказам ворагам».
Па дадзеных Аб’яднанага камандаваньня начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі, ракета была запушчаная з палігона пад Пхэньянам раніцай 31 кастрычніка. Яна ўпала ў мора прыкладна за 200 кілямэтраў на захад ад вострава Хакайда, піша Reuters са спасылкай на зьвесткі ўладаў Японіі. Мінабароны Японіі заявіла, што палёт ракеты працягваўся рэкордныя 85 хвілін на вышыні каля адной тысячы мэтраў.
Паўднёвакарэйскае агенцтва «Ёнхап» адзначае, што запуск ракеты мог стаць дэманстратыўным жэстам перад выбарамі ў ЗША, дзе за пасаду пазмагаецца Дональд Трамп — апошні амэрыканскі прэзыдэнт, які сустракаўся з кіраўніцтвам КНДР.
«Голас Карэі» паведамляе, што выпрабаваньні прайшлі ў прысутнасці Кім Чэн Ына. У сваёй заяве ён назваў запуск «справядлівай ваеннай мерай, якая паказвае нашу рашучасць даць адказ ворагам».
ЗША і Японія асудзілі запуск ракеты, кіраўніцтва Паўднёвай Карэі заявіла, што мае намер увесьці новыя санкцыі супраць КНДР.
- Санкцыі Рады Бясьпекі ААН забараняюць Паўночнай Карэі праводзіць ракетныя выпрабаваньні. Пры гэтым Маскву рэгулярна абвінавачваюць у парушэньні санкцыйнага рэжыму супраць Пхэньяна пасьля нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе. Масква гэта адмаўляе.
- У верасьні мінулага году кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква і Пэкін маюць намер адмовіцца ад санкцый супраць КНДР, бо тыя прымаліся «ў зусім іншым геапалітычным становішчы».
- Пхэньян выпрабаваў ракету празь некалькі гадзін пасьля таго, як міністар абароны ЗША Лойд Остын і ягоны паўднёвакарэйскі калега Кім Ён Хён асудзілі КНДР за адпраўку салдатаў у Расею. Паўднёвакарэйская выведка раней заявіла аб адпраўцы 12 000 вайскоўцаў КНДР ва Ўкраіну. Мінабароны ЗША і ўкраінскія ўлады заявілі, што салдаты з Паўночнай Карэі знаходзяцца ў Курскай вобласці, адкуль расейцы спрабуюць выцесніць УСУ. У КНДР адмаўляюць адпраўку войскаў на фронт.
- 30 кастрычніка на пасяджэнні Рады Бясьпекі ААН пастаянны прадстаўнік Расеі Васілій Нябензя назваў паведамленьні аб адпраўцы паўночнакарэйскіх салдатаў у Расею «дэзынфармацыяй» і «спэктаклем», мэта якога — задняй датай апраўдаць ваенную прысутнасьць NATO ва Ўкраіне.
- Нябензя таксама настойваў, што супрацоўніцтва Масквы і Пхэньяна і ў вайсковай, і ў іншых сфэрах адпавядае міжнароднаму праву, «не накіраванае супраць трэціх краін і не нясе ніякай пагрозы для дзяржаў рэгіёну або міжнароднай супольнасьці».