Амбасадары і аташэ ў пытаньнях абароны краін-чальцоў NATO, акрэдытаваныя ў Вугоршчыне, сустрэліся 30 кастрычніка ў амбасадзе ЗША, каб абмеркаваць абвешчаную ўрадам Вугоршчыны палітыку «эканамічнага нэўтралітэту», у тым ліку — адносіны Будапэшту з Масквой і Пэкінам, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Сустрэча прайшла напярэдадні выступу міністра замежных спраў Вугоршчыны Пэтэра Сіярта на канфэрэнцыі ў бясьпецы ў Менску, у якой таксама ўдзельнічае кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, імкнучыся прыцягнуць у краіну кітайскія заводы па вытворчасьці электрамабіляў і акумулятараў, заяўляе, што яго краіна, якая ўваходзіць у NATO і ЭЗ, ня хоча быць абмежаванай сяброўствам у якім-небудзь блёку і мае намер працягваць гандаль з Расеяй і Кітаем, як і са сваімі заходнімі партнэрамі. Орбан, урад якога падтрымлівае шчыльныя сувязі з Масквой, нягледзячы на вайну ва Ўкраіне, заявіў, што Будапэшт будзе прытрымлівацца стратэгіі «эканамічнага нэўтралітэту».
Амбасада ЗША ў Вугоршчыне паведаміла, што на сёньняшняй сустрэчы дыпляматаў краінаў NATO абмяркоўвалі наступствы гэтай палітыкі ў сфэры бясьпекі і што амэрыканскі амбасадар Дэвід Прэсман ізноў крытыкаваў сувязі вугорскага ўраду з Расеяй і Кітаем.
«Нядаўна абвешчаная палітыка „нэўтралітэту“ Вугоршчыны і яе залежнасьць ад Масквы і Пэкіна, якая павялічваецца, маюць наступствы для бясьпекі ЗША і эўраатлянтычных інтарэсаў», — падкрэсьліваецца ў заяве Прэсмана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугорская фортка ў глухой сьцяне паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Аналітык Алена Кудзько пра адносіны паміж Менскам і Будапэштам- Вугоршчына застаецца адзінай краінай Эўразьвязу, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Менскам. Як сябра ЭЗ Вугоршчына была вымушана далучыцца да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі вугорскіх уладаў ня раз заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзеньне.
- У канцы верасьня 2023 году Лукашэнка прыняў даверчыя лісты ад новай амбасадаркі Вугоршчыны ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Вугоршчына — адзіная краіна ЭЗ, амбасадар якой уручыў граматы Лукашэнку пасьля падзеяў 2020 году.
- Міністар замежных спраў і замежнага гандлю Вугоршчыны Пэтэр Сіярта папярэдні раз наведаў Менск з рабочым візытам у траўні 2024 году. Таксама Сіярта быў у Менску 26 кастрычніка 2023 году на канфэрэнцыі «Эўразійская бясьпека: рэальнасьць і пэрспэктывы ў сьвеце, які трансфармуецца».