Швайцарыя часткова далучылася да чэрвеньскіх санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі 

Ілюстрацыйнае фота

Швайцарыя далучылася да санкцыяў Эўразьвязу супраць Беларусі, уведзеных у чэрвені 2024 году, і ўвяла новыя абмежаваньні на нацыянальным узроўні, паведамляецца на сайце швайцарскага ўраду, заўважыў «Позірк».

Новыя нацыянальныя санкцыі Швайцарыі прадугледжваюць забарону на інвэстыцыі ў кампаніі, якія працуюць у беларускім энэргетычным сэктары.

Таксама ўзмоцненая жорсткасьць абмежаваньняў у гандлі: забараняецца імпарт золата, алмазаў, вугалю і сырой нафты зь Беларусі, а таксама экспарт у Беларусь прадметаў раскошы, тавараў для перапрацоўкі нафты і звадкаванага прыроднага газу, тавараў для ўмацаваньня беларускіх прамысловых магутнасьцяў, авіяцыйнага паліва і паліўных прысадак, тавараў марскога флёта.

«Акрамя гэтага, існыя забароны — напрыклад, на тавары падвойнага прызначэньня — распаўсюджваюцца і на транзыт гэтых тавараў праз тэрыторыю Беларусі. Як і ў выпадку з санкцыямі супраць Расеі, уводзіцца кантрактнае абавязацельства для экспартэраў забараніць рээкспарт з трэцяй краіны ў Беларусь пэўных камплектуючых, у тым ліку ўбудаваных у абсталяваньне, якое выкарыстоўваецца для вядзеньня вайны супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленьні.

Ва ўрадзе Швйцарыі адзначаюць, што гэтыя меры закліканыя перадухіліць абыход санкцыяў, якія дзейнічаюць у Швайцарыі, праз трэція краіны.

Разам з тым Швайцарыя вырашыла не далучацца да абмежаваньняў Эўразьвязу, якія прадугледжваюць «шырока сфармуляванае абавязацельства для прадпрыемстваў гарантаваць, што іх даччыныя кампаніі ў трэціх краінах не падрываюць санкцыі ЭЗ». Таксама швайцарскі ўрад не падтрымаў палажэньне ЭЗ аб «належнай абачлівасьці для перадухіленьня рээкспарту высокапрыярытэтных тавараў у Беларусь», бо кампаніі Швайцарыі «ўжо абавязаныя па законе выконваць санкцыі».

«Працяг забароны на грузавыя перавозкі таксама ня быў прыняты», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Зьмены набудуць моц 31 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія раней увёў супраць Расеі

29 чэрвеня Рада Эўразьвязу прыняла новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У сфэры транспарту ЭЗ пашырыў забарону на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЭЗ прычэпамі і паўпрычэпамі зь беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

У адпаведнасьці з новымі санкцыямі, «матчыны» кампаніі ў краінах ЭЗ павінны будуць «прыкладаць усе намаганьні, каб іх даччыныя кампаніі ў трэціх краінах не прымалі ўдзел у дзейнасьці, якая прыводзіць да наступстваў, якія гэтыя санкцыі закліканы прадухіліць». Адзначалася, што гэтыя меры дублююць санкцыі, якія ўжо ўвялі ў дачыненьні да Расеі. Такім чынам, яны закліканыя вырашыць праблему абыходу абмежаваньняў, абумоўленую «высокай ступеньню інтэграцыі паміж расейскай і беларускай эканомікамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарвэгія далучылася да санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі