Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука

Дзьмітры Кучук, архіўнае фота

Былога старшыню дэ-юрэ зьліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука, затрыманага 16 лютага каля расейскай амбасады, абвінавачваюць паводле двух крымінальных артыкулаў.

Імя Дзьмітрыя Кучука зьявілася ў раскладзе судоў. Разглядаць ягоную справу пачнуць 22 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе.

Як вынікае з раскладу судовых паседжаньняў, Дзьмітрыя Кучука абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • «заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК),
  • «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (ч. 1 арт. 342 КК).

Судзіць яго будзе Алена Шылько, якая раней ужо асудзіла а палітычна матываваных крымінальных справах дзясяткі беларусаў, у тым ліку мастака Алеся Пушкіна, які памёр за кратамі.

  • 50-гадовы Дзьмітры Кучук — былы старшыня беларускай партыі «Зялёныя». Партыя «Зялёныя» не прайшла перарэгістрацыю і 27 ліпеня 2023 году была зьліквідаваная Вярхоўным судом па пазове Міністэрства юстыцыі. Партыя страціла статус асацыяванага сябра Эўрапейскай партыі зялёных.
  • 23 сьнежня 2023 году Дзьмітрыю Кучуку адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэньня кандыдатам у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі.
  • 16 лютага Дзьмітрыя Кучука затрымалі па дарозе да пасольства Расеі ў Менску, каля якога ён хацеў ускласьці кветкі і запаліць зьнічы ў памяць аб расейскім палітыку Аляксею Навальным, які памёр у калёніі.
  • Вызваленьня Кучука чакалі 17 сакавіка, пасьля 30 дзён арышту, аднак гэтага не адбылося. Родныя ня ведалі, дзе ён і што зь ім.
  • 2 красавіка стала вядома, што супраць Дзьмітрыя Кучука завялі крымінальную справу паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх») КК. Цяпер стала вядома, што яму дадалі яшчэ адзін артыкул.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніка зьліквідаванай партыі «Зялёныя» абвінавацілі паводле крымінальнага артыкулу